На актывіста, штраф якому адмяніў Мінгарсуд, склалі новы пратакол

Новы пратакол за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі 20 снежня на актывіста Яўгена Батуру склалі менш чым за суткі пасля таго, як Мінскі гарадскі суд адмяніў пастанову аб штрафе.

Яўген Батура

Яўген Батура

«Толькі што тэлефанавалі з Ленінскага РУУС. Напісаны новы пратакол па справе 20 снежня пасля таго, як гарадскі суд адмяніў пастанову суда па старым», — паведаміў актывіст у Фэйсбуку.
Па тэлефоне Батуру сказалі, што новы пратакол быў напісаны яшчэ ўчора, літаральна адразу пасля адмены пастановы ў Мінскім гарадскім судзе.
Юрыст Праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка тлумачыць, што працэдурна сітуацыя, калі пасля адмены пастановы з'яўляецца новы пратакол, дапушчальная, нават у такія хуткія тэрміны. Больш за тое, з моманту адмены пастановы Мінскім гарадскім судом пачынаецца новы тэрмін магчымасці прыцягнуць актывіста да адміністрацыйнай адказнасці, ён складае два месяцы. У выніку неаднаразовай адмены пастановы (калі раённы суд будзе штрафаваць, а гарадскі — адмяняць гэтыя рашэнні) тэрміны прыцягнення да адказнасці выходзяць праз восем месяцаў з моманту першай адмены.
Нагадаем, 9 студзеня суддзя Цэнтральнага суда Мінска Юлія Густыр аштрафавала Яўгена Батуру на 50 базавых велічыняў за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі 20 снежня 2019 года. У судзе Яўген прадаставіў юрыдычныя доказы таго, што права на мірныя сходы гарантавана грамадзяніну Беларусі Канстытуцыяй і міжнародным заканадаўствам. Але суддзя пакарала актывіста буйным штрафам. Яўген абскардзіў гэтую пастанову ў Мінскім гарадскім судзе 11 лютага. Суддзя Максім Лапко, які адпачатку вёў пасяджэнне на беларускай мове, выслухаўшы тлумачэнні Батуры, прыняў рашэнне пастанову Цэнтральнага суда адмяніць і накіраваць справу да іншага суддзі.