Рэдкі выпадак: Мінгарсуд адмяніў штраф актывісту
11 лютага Мінскі гарадскі суд адмяніў пастанову Цэнтральнага суда, які аштрафаваў актывіста Яўгена Батуру за ўдзел у акцыі за Незалежнасць на 50 базавых велічыняў.
Нагадаем, суддзя Цэнтральнага суда Мінска Юлія Густыр 9 студзеня аштрафавала Яўгена Батуру на 50 базавых велічыняў за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі 20 снежня 2019 года. У судзе Яўген прадаставіў юрыдычныя доказы таго, што права на мірныя сходы гарантавана грамадзяніну Беларусі Канстытуцыяй і міжнародным заканадаўствам. Але суддзя пакарала актывіста буйным штрафам. Яўген абскардзіў гэтую пастанову ў Мінскім гарадскім судзе 11 лютага. Суддзя Максім Лапко, які адпачатку вёў пасяджэнне на беларускай мове, выслухаўшы тлумачэнні Батуры, прыняў рашэнне пастанову Цэнтральнага суда адмяніць і накіраваць справу да іншага суддзі.
— Я разумею, што перагледзець гэтую справу ўжо наўрад ці паспеюць, паколькі тэрміны прыцягнення мяне да адказнасці сыходзяць 20 лютага. Таму лепшым выйсцем для ўладаў тут будзе закрыццё справы ў сувязі з заканчэннем тэрмінаў, каб не было законнай нагоды пакараць нікога з суддзяў, міліцыянтаў і сведак, якія бралі ў гэтым удзел. Тады яны змогуць захаваць добрую міну пры кепскай гульні, — пракаментаваў рашэнне Мінгарсуда актывіст.