На беларускай мяжы затрыманы грузавік з гуманітарнай дапамогай для пратэстоўцаў-беларусаў

Грузавік з Польшчы з 20 тонамі гуманітарнай дапамогі для пратэстоўцаў-беларусаў не можа патрапіць у нашу краіну. Яго не прапускае беларускі бок ужо больш за 12 гадзін.



Фота www.polsatnews.pl/

Фота www.polsatnews.pl/

Грузавік перасёк мяжу Польшчы і ўжо больш за 12 гадзін не можа ўехаць у Беларусь. Прадукты закупіў незалежны польскі прафсаюз "Салідарнасць", паведамляе www.b-g.by.

Кіраўнік канцылярыі прэм'ер-міністра Польшчы Матэвуша Маравецкага Міхал Дворчык распавёў у эфіры тэлепраграмы "Графіці", што грузавік з 20 тонамі прадуктаў для пратэстоўцаў беларусаў перасёк увечары 26 жніўня польскую мяжу і цяпер не можа ўехаць у Беларусь. Ён накіроўваецца ў Мінск і ўжо больш за 12 гадзін стаіць на мяжы, паведамляе polsatnews.pl.

"Гуманітарны канвой, дасланы "Салідарнасцю", ужо больш за 12 гадзін стаіць на польска-беларускай мяжы. Ён не можа заехаць, яго спынілі беларусы. Для такога рашэння няма афіцыйнага абгрунтавання", — заявіў прэм'ер-міністр.

У Дзяржпагранкамітэце Беларусі заявілі, што ведаюць пра сітуацыю, але не валодаюць інфармацыяй пра канкрэтную прычыну затрымання фуры, бо, нібыта гэта звязана з яе грузам, паведаміў партал TUT.BY і адзначыў, што Дзяржаўны мытны камітэт паабяцаў неўзабаве пракаментаваць сітуацыю.