На «Беларуснафце» з-за выбуху абсталявання загінуў супрацоўнік, яшчэ адзін рабочы ў рэанімацыі

На прадпрыемстве "Беларуснафта" ў ноч з 28 на 29 лістапада загінуў супрацоўнік. Пра гэта блогу "Отражение" распавяла сястра загінулага. Уладзіміру Цалуйку было 33 гады, у яго засталася жонка і двухгадовая дачка.

Ілюстрацыйнае фота neft.by

Ілюстрацыйнае фота neft.by


Уладзімір Цалуйка быў памочнікам свідроўшчыка. Учора ён выйшаў на змену і ў 23:20, як расказала сястра Уладзіміра, з-за павышэння ціску ва ўстаноўцы адбыўся выбух гідракампенсатара.
Ад аварыі пацярпелі два чалавекі: Уладзімір Цалуйка загінуў, па словах сястры «у яго няма паловы твару». Другі працоўны зараз знаходзіцца ў рэанімацыі ў цяжкім стане — у мужчыны пашкоджаныя ногі.
Дзяўчына апісвае брата як вельмі адказнага чалавека, які заўсёды надаваў шмат увагі сям'і, дапамагаў маці, працаваў на дзвюх працах, каб забяспечыць жонку і дачку.
Па словах дзяўчыны, следчыя ўжо працуюць над устанаўленнем прычын здарэння.
Афіцыйных каментароў пра тое, што адбылося, пакуль няма.