На былога следчага Яўгена Юшкевіча завялі крымінальную справу
Пра гэта ў сацсетках напісала яго адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна.

У апошні час Юшкевіч актыўна кансультаваў сілавікоў, якія хацелі звольніцца. Таксама ён публікаваў інсайды з МУС і Следчага камітэту, нагадвае «Свабода».
Яўгена Юшкевіча затрымалі ўчора каля 22.00. Яго забралі з яго мінскай кватэры, дзе таксама прайшоў ператрус.

Яўген Юшкевіч родам з Магілёва. У 2012 годзе скончыў юрфак БДУ. Падчас вучобы два гады прапрацаваў пазаштатным супрацоўнікам у следстве Менскай пракуратуры, пасля — пяць гадоў следчым у СК. У 2017 годзе пайшоў з пасады старшага следчага аддзела па расследаванні эканамічных злачынстваў упраўлення Следчага камітэта па Мінску. Расследаваў у ліку іншага гучныя справы — напрыклад, справу Давідовіча.
Пасля сыходу з СК Яўген стаў андроід-распрацоўшчыкам, а летам 2020 года — ініцыятарам праекта bychange.me, які «дапамагае ў навучанні, перападрыхтоўцы сілавікоў, дзяржслужачых і проста людзей, звольненых або якія пайшлі з працы па меркаваннях сумлення».