На цэнтральнай плошчы ў Капылі дэмантавалі помнік Леніну. Людзі гэтым задаволеныя
Сёлета ў Капылі пройдуць Дзень беларускага пісьменства і абласное свята «Дажынкі». Да гэтых падзей улады вырашылі правесці «генеральную прыборку» ў цэнтры горада і перанесці адтуль помнік Леніну, піша «Наша Ніва».
Такое рашэнне мясцовы райвыканкам прыняў яшчэ ў сакавіку.
Было вырашана дэмантаваць помнік падчас прац па добраўпарадкаванні горада да
двух гэтых святаў і паставіць яго ў скверы ля Дзіцячай школы мастацтваў.
На ўсялякі выпадак раённая газета ўдакладніла, што «перанос
у іншае месца зусім не змяншае заслуг правадыра сусветнага пралетарыяту, з імем
якога звязана цэлая эпоха ў жыцці былых савецкіх людзей. Гэтая гістарычная,
вядомая у свеце асоба будзе па заслугах ўшанаваная. І самому помніку патрэбная рэстаўрацыя».
У выніку вясной помнік перанеслі на новае месца, на што
звярнуў увагу тэлеграм-канал «Спадчына». А на сайце райвыканкама грамадзяне
выказалі сваё задавальненне гэтым.
Колькі ўсяго ў Беларусі помнікаў Леніну?
У канцы 1980-х гадоў быў выдадзены даведнік «Зборнік
помнікаў гісторыі і культуры» (у васьмі тамах). На яго старонках была
размешчана інфармацыя пра прыкладна 600 помнікаў у рэспубліцы. Большасць з іх
захавалася, але помнікі, размешчаныя на тэрыторыі прадпрыемстваў, за гады
незалежнасці актыўна дэмантавалі.
У цяперашні час у базе даных сайта leninstatues.ru маецца
інфармацыя пра 421 помнік Ільічу. Амаль усе яны не маюць мастацкай вартасці.
Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці маюць толькі дзевяць з іх.