На Кобрыншчыне здзейснены праект «З клопатам пра блізкага» (фота)
У Батчынскім сельсавеце Кобрынскага раёну Берасьцейшчыны 27 снежня падсумавалі вынікі праекту «З клопатам пра блізкага».

Раней вяскоўцы чакалі аўтакраму на лаўцы пад спіленым дрэвам…
Гаворка ідзе пра ўзвядзенне ў вёсках Агароднікі, Андронава, Батчы, Літвінкі, Паляцічы і Шыповічы 11 крытых прыпынкаў для чакання аўтакрамаў і пляцовак камунікацыі мясцовых жыхароў — у асноўным людзей паджылога ўзросту, а таксама зоны адпачынку з крытай сцэнай і навесам у пасёлку Птушкафабрыкі.

Адкрыццё прыпынкаў
Ініцыятар справы — грамадскае аб’яднанне «Кобрынскі клуб дзелавых жанчын «Бона» (старшыня Ала Сапяжынская) здзейсніла праект разам з Батчынскім сельсаветам і тутэйшымі жыхарамі пры падтрымцы Еўрапейскай асацыяцыі мясцовай дэмакратыі ALDA (Страсбург, Францыя) і айчыннага асветніцкага грамадскага аб’яднання «Фонд імя Льва Сапегі» ў рамках праграмы «Тандэм IV» («Устойлівая супраца няўрадавых арганізацый і мясцовых органаў улады для актывізацыі ўдзелу грамадзянаў у мясцовым самакіраванні і развіцці мясцовых супольнасцяў у Рэспубліцы Беларусь»).

Адкрыццё сцэны з навесам у пасёлку Птушкафабрыкі
На сцэне, урачыстае адкрыццё якой адбылося 14 кастрычніка, будуць праводзіцца дзяржаўныя і традыцыйныя народныя каляндарныя святы, спартыўныя спаборніцтвы, канцэрты і творчыя сустрэчы, а таксама будзе працаваць летні кінатэатр.

Выступае Алена Мезенцава
Як зазначыла каардынатар праекту, намесніца старшыні клубу «Бона» Алена Мезенцава, для кожнага прыпынку вылучылі неабходны мінімум будаўнічых матэрыялаў, у тым ліку металічных труб, профіляў і лістоў. Усё астатняе зроблена высілкамі дзясяткаў мясцовых валанцёраў.

У праекце ўзялі ўдзел старасты вёсак і валанцёры
Кожны прыпынак абсталяваны стэндамі з беларускамоўнымі тэкстамі пра найбольш цікавыя факты славутай мінуўшчыны вёсак Батчынскага сельсавету, выбітных ураджэнцаў і жыхароў, з кішэнямі для віншавання юбіляраў і аб’яваў, а таксама для інфармацыі пра мясцовых майстроў народнай творчасці. Прычым стэнды ўпрыгожаны выявамі беларускага народнага арнаменту. Мяркуецца добраўпарадкаваць і азеляніць тэрыторыю вакол прыпыначных пунктаў. Іхняе ўрачыстае адкрыццё адбылося 24 снежня.
Старшыня Батчынскага сельсавету Святлана Гангала выказала падзяку за здзяйсненне праекту, які патрэбны вяскоўцам, і паведаміла, што сельсавет стаў удзельнікам чарговага міжнароднага праекту, на гэты раз -- па энергазберажэнню.

Міраслаў Кобаса і Святлана Гангала
У сустрэчы ўдзельнічаў старшыня «Фонду імя Льва Сапегі» Міраслаў Кобаса. Ён наведаў аб’екты, створаныя разам з фондам цягам апошніх двух гадоў, — спартова-гульнявую пляцоўку «Выспа дзяцінства» каля вёскі Андронава і прыпынкі ў Батчынскім сельсавеце.
Як зазначыў Міраслаў Кобаса, праект «Выспа дзяцінства» ў шэрагу іншых праграмы «Тандэм III» летась у сакавіку быў прадстаўлены на пасяджэнні Савету Еўропы ў Страсбургу.
Паводле спадара Міраслава, з 2011 года з удзелам фонда ў рамках праграмы «Тандэм» здзейснена 99 праектаў на суму каля 500 тысяч еўра. Прычым бюджет пададзеных заявак на праекты ў 12 разоў перавышае фінансавыя мажлівасці фонду, што сведчыць пра вялікі незапатрабаваны патэнцыял беларусаў у здзяйсненні грамадска-карысных справаў, падкрэсліў Міраслаў Кобаса.
Кіраўнік «Фонду імя Льва Сапегі» наведаў аб’екты, узведзеныя на грошы Еўразвязу
Сярод праектаў, што рэалізуюцца ў рамках праграмы «Тандэм IV», ён назваў шэраг экалагічных і культурніцкіх справаў, у тым ліку добраўпарадкаванне возера з прылеглай тэрыторыяй у Кармянскім раёне Гомельскай вобласці, узнаўленне старасвецкага дэндралагічнага парку ў райцэнтры Краснаполле на Магілёўшчыне і закінутага парку ў горадзе Дуброўна (Віцебская вобласць), стварэнне турыстычных маршрутаў і краязнаўчага выдання на Смаргоншчыне (Горадзенская вобласць), сакалінага заказніку з захаваннем рэліктавых дрэваў пад Мінскам, выраб макетаў зніклых помнікаў архітэктуры з усталяваннем на месцы былых аўтэнтычных, добраўпарадкаванне старажытных габрэйскіх могілак і стварэнне Музея Дугі Струвэ ў Ашмянскім раёне Горадзеншчыны.

Усе гэтыя справы сведчаць пра тое, што беларусы пачынаюць верыць у сябе і свае магчымасці, зазначыў Міраслаў Кобаса.
Удзельнікі сустрэчы падтрымалі ягоную прапанову аб накіраванні аднаго адсотку бюджэтных сродкаў ў органы мясцовага самакіравання, каб грамадзяне самі маглі распарадзіцца гэтымі грашыма. Гэтую прапанову спадар Міраслаў будзе даводзіць да ўладаў краіны.

Удзельнікаў сустрэчы павіншаваў Дзед Мароз і сябры фолк-гурту «Ліцвінянка»
Напрыканцы сустрэчы кіраўніцтва клуба «Бона» ўзнагародзіла дыпломамі і адмысловымі насценнымі каляндарамі «З клопатам пра блізкага» найбольш актыўных удзельнікаў праекту, у тым ліку Святлану Гангала, старастаў вёсак і мясцовых валанцёраў. Удзельнікаў сустрэчы віталі Дзед Мароз і сябры народнага фальклорнага калектыву «Ліцвінянка» Батчынскага сельскага дому культуры (мастацкі кіраўнік Уладзімір Шабліцкі).