На магілу Станіслава Шушкевіча людзі пастаянна прыносяць свежыя кветкі

Жонка першага кіраўніка Беларусі Станіслава Шушкевіча распавяла пра распараджэнне мужа — паставіць на магіле не помнік, а просты крыж.

Жонка першага кіраўніка незалежнай Беларусі распавяла «Народнай Волі» пра тое, якімі для яе былі тры з паловай месяцы без мужа. Экс-старшыні Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслава Шушкевіча не стала ў ноч на 4 траўня.

«Пасля перанесенага напрыканцы лютага каранавіруса мужу стала складаней хадзіць, – распавядала Ірына Шушкевіч, жонка Станіслава Станіслававіча. – А затым, калі наогул стала дрэнна, патрапіў першы раз у рэанімацыю. Пасля першай рэанімацыі яшчэ мог хадзіць з хадункамі, а пасля другой быў ужо ляжачы.

Кавід Станіслаў перажыў, але абвастрыліся ўсе хваробы, якія былі, і вось гэтага ён не перанёс. У апошнія дні ён зразумеў, што сілы яго пакідаюць, таму казаў мне вельмі шмат прыгожых слоў.

Затым у яго рэзка стаў падаць ціск, некалькі разоў я выклікала «хуткую». Першы раз урачы зрабілі ўкол, параілі паіць мужа салодкай гарбатай і з’ехалі. Не дапамагло, я зноў патэлефанавала на «103». Прыехалі з кіслародам, нейкімі чамаданамі, мяне папрасілі выйсці. Паспрабавалі правесці мужу рэанімацыю, але ў іх ужо нічога не атрымалася. 3 мая бліжэй да 12 ночы Станіслава Станіслававіча не стала».

Пахаваны Станіслаў Шушкевіч на Паўночных могілках…

– Натуральна, што помнік ставіць пакуль рана, але яшчэ пры жыцці Станіслаў Станіслававіч шмат разоў паўтараў, каб на яго магіле замест помніка паставілі крыж, – кажа Ірына Шушкевіч. – Проста – крыж, на якім будуць толькі даты нараджэння і смерці. Мы так і збіраемся зрабіць, хаця мінімум год павінен прайсці, калі можна будзе ўстанаўліваць той самы крыж. Пакуль не ведаем, як ён будзе выглядаць, у якой кампазіцыі, але пажаданне мужа будзе выканана. Аднак усё гэта будзе пазней. Пакуль не да гэтага.

– На могілкі па-ранейшаму ездзіце?

Рэгулярна наведваюся на магілу мужа, там усё ў парадку. Людзі пастаянна прыносяць свежыя кветкі, праз тыдзень іх даводзіцца прыбіраць. Таксама пасадзілі там бягонію і петуніі, і пасля дажджу яны растуць нармальна.

– У пакоі Станіслава Станіслававіча нічога не змянілася?

Так, усё на сваіх месцах, як і было. Дарэчы, я апошнім часам то ў сталічнай кватэры, то на лецішчы, але і там, і там вельмі моцна адчуваецца, што Станіслава Станіслававіча з намі няма. Няма гаспадара, які пабудаваў і падтрымліваў усю гэту гаспадарку. Хаця сын, безумоўна, дапамагае.


 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: