На малітоўным сходзе ў Мінску міліцыянтаў было больш, чым удзельнікаў
Як паведамляе Белсат, у нядзелю 14 красавіка адбыўся малітоўны сход за забітых у Курапатах. Акцыя была нешматлікай.

На мінулых выходных апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч заклікаў беларусаў выходзіць кожную нядзелю на малітвенныя сходы, каб памаліцца за нявінна забітых у Курапатах. 14 красавіка да Свята-Духава кафедральнага сабора прыйшло каля 10 звычайных грамадзянаў і не менш за 15 міліцыянтаў у цывільным.
Пратэстоўцы пастаялі каля 15 хвілінаў насупраць сабору і разыйшліся. Акцыя скончылася без затрыманняў.
На папярэднюю акцыю каля Свята-Духава кафедральнага сабора на сталічнай плошчы Свабоды сабралася каля 200 чалавек. Мікалая Статкевіча (адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу) тады прэвентыўна затрымалі і пакаралі арыштам на 15 содняў.
БНК заклікае беларусаў сабрацца ў панядзелак 15 красавіка а 18:00 каля адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.