На мінчука, які скінуў сабаку з пятага паверха, завялі крымінальную справу
Следчы камітэт пачаў крымінальную справу ў дачыненні да 29-гадовага мінчука, які 20 кастрычніка збіў і скінуў з пятага паверху сабаку сваёй знаёмай.
![Ілюстрацыйнае фота: isravid.com Ілюстрацыйнае фота: isravid.com](/img/v1/images/cobaka.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ілюстрацыйнае фота: isravid.com
Здарэнне адбылося ў Маскоўскім раёне сталіцы на вуліцы Ясеніна. Сабака загінуў, таму СК пачаў справу па ч.1 арт. 339-1 Крымінальнага кодэкса (Жорсткае абыходжанне з жывёлай, што прывяло да яе гібелі).
Падчас расследавання следчыя высветлілі, што мінчук быў нападпітку. У тэлеграм-канале "Не БТ" размешчанае відэа затрымання меркаванага злачынцы, які не можа звязаць двух словаў, гайдаецца і брудна лаецца на міліцыянта.
Здарэнне адбылося на пятым паверсе дома па вуліцы Ясеніна ў Мінску. "Маючы намер на жорсткае абыходжанне з жывёлай, [мінчук] наўмысна нанёс [жывёле] некалькі удараў па галаве і іншых частках цела. Пасля гэтага мужчына скінуў сабаку з пятага паверха дома. Ад атрыманых пашкоджанняў ён загінуў. Мёртвага сабаку на вуліцы каля дома знайшлі прахожыя, якія і паведамілі пра інцыдэнт у праваахоўныя органы", — сказана ў справаздачы на сайте Следчага камітэта.
Следчыя працягваюць праводзіць мерапрыемствы, накіраваныя на высвятленне абставін здарэння. Прызначаныя неабходныя экспертызы.