На мітынг супраць акумулятарнага завода ў Брэсце выйшла 150 чалавек
Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу каля поўдня 10 сакавіка зноў сабраліся на брэсцкай плошчы Леніна. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 году, паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на БелаПАН.
У 12:40, паводле ацэнкі праваабаронцы Ўладзімера Вялічкіна, на плошчы было каля 150 чалавек.
Актывісты Дзям’ян Лепясевіч і Дзмітры Бекалюк расказалі пра свае сустрэчы 6 сакавіка з кіраўніком Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэем Худыкам, які праводзіў асабісты прыём грамадзян. Паволе актывістаў, спачатку іх не запісалі на прыём, прапанаваўшы накіраваць пісьмовыя звароты. Да міністра ўдалося трапіць дзякуючы даверанасцям тых, каго на прыём запісалі.
Паводле Лепясевіча, у яго склалася меркаванне, што Мінпрыроды не хоча прымушаць забудоўніка , ТАА «АйПаўэр», выконваць экалагічнае заканадаўства.
Актывістка Алена Макарэвіч расказала, што 6 сакавіка група праціўнікаў заводу была ў абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Паводле актывісткі, чыноўнікі не азнаёмілі іх з вынікамі паўторнай дзяржаўнай экалагічнай экспэртызы заводу, аднак сказалі, што выкідаў па ўдакладненых звестках павінна быць менш. Макарэвіч заявіла, што праціўнікі заводу будуць падаваць заяўкі на замер выкідаў у атмасферу шкодных рэчываў, не чакаючы, пакуль гэтым зоймуцца дзяржорганы.
А 12:45 частка прысутных прайшла па цэнтральных вуліцах — Пушкінскай і Савецкай — да кінатэатру «Беларусь». Там яны некаторы час пагаварылі — і разышліся.
Сустрэча завяршылася без інцыдэнтаў. За ёй назіралі два прадстаўнікі Беларускага Хэльсінскага камітэту.