На Нямізе затрымліваюць мінакоў з сімволікай
На вуліцы Няміга ў цэнтры Мінска людзі ў цывільным пачалі кропкава «адлоўліваць» мінакоў, якія трымаюць нацыянальную сімволіку — стужкі, сцяжкі, балонікі, паведамляе «Радыё Свабода».
Сярод затрыманых — аўтарка “Радыё
Свабода” Галіна Абакунчык. Па словах журналісткі, яе скруцілі два мужчыны без
апазнавальных знакаў на вопратцы і заштурхнулі ў сіні мікрааўтобус.
Патлумачылі, што ёсць неабходнасць праверыць яе асобу на прадмет «учыненага злачынства». Яна спрабавала
паказаць пашпарт, але дакумент міліцыянтаў не цікавіў.
Па тэлефоне Галіна Абакунчык паспела сказаць, што гэтаксама гвалтоўна затрымалі некалькі чалавек са сцяжкамі. Праз нейкі час яе і іншых перасадзілі ў легкавы аўтамабіль і павезлі ў Цэнтральны РАУС Мінска. Мікрааўтобус вярнуўся на Нямігу «паляваць» на іншых мінакоў.
Разам з тым журналіст “Радыё Свабода” Віталь Цыганкоў паведаміў у сваім фэйсбуку, што з Першамайскага РАУС выпусцілі чалавек дваццаць. “Зараз едзем на свята! Ну што зробіш, калі ў нашай краіне сьвята і арышты часта сумяшчаюць!” — напісаў ён.