На Паўла Вінаградава завялі чарговую крымінальную справу
У дачыненні да актывіста і блогера Паўла Вінаградава распачалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 367 КК (паклёп у дачыненні да прэзідэнта). Пра гэта паведаміла жонка Паўла Святлана Вінаградава.
«Патэлефанаваў следчы. У дачыненні да Паўла Вінаградава заведзеная крымінальная справа паводле 367 ч. 1 КК РБ. За той самы допіс у фб ад 8 траўня. Як я разумею, ён пакуль у статусе падазраванага», — напісала Святлана, распавядае REFORM.by.
Паўла затрымалі 5 ліпеня. Ён атрымаў 15 дзён адміністрацыйнага арышту за допіс у Facebook ад 8 траўня, у якім міліцыя і суд убачылі заклік выходзіць на масавую акцыю 9 траўня. Сам Вінаградаў асуджаў гэтыя заклікі апазіцыйных палітыкаў і іранізаваў над імі. Затым Паўлу далі яшчэ 30 сутак арышту па арт. 24.23 КаАП аб несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Цяпер ён знаходзіцца ў ІЧУ у горадзе Беразіно.
Гэта ўжо трэцяя крымінальная справа Вінаградава. У 2008 годзе ён быў фігурантам «справы чатырнаццаці» за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў. Асуджаны на два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.
У 2010 годзе Вінаградаў браў удзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Быў арыштаваны 5 студзеня 2011 года, абвінавачаны ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках, а таксама ў абразе дзяржаўных сімвалаў.
5 траўня 2011 года суддзя Кастрычніцкага раёна Мінска Ала Булаш асудзіла яго на чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі №22 «Воўчыя норы». Быў вызвалены праз памілаванне.