На пікет Губарэвіча напалі з нажом і парэзалі сцяг
На пікет па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у парламент намесніка старшыні Руху "За свабоду" Юрася Губарэвіча ў Мінску здзейснены чарговы напад.

Гэта зрабіў мужчына гадоў 45–50. Яго асоба пакуль не высветлена. Але на месцы здарэння працуе следчая група.

Подпісы на вуліцы Гінтаўта ў мікрараёне Уручча збіраў актывіст Руху Зміцер Траццяк. На пікеце выкарыстоўваўся беларускі нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг. Відавочна, гэта, а таксама прыналежнасць кандыдата да апазіцыйнай арганізацыі, і выклікала агрэсію невядомага, лічыць Юрась Губарэвіч.
— Ён падыходзіў некалькі разоў. Першы раз, каб спытаць, каго прадстаўляе кандыдат. І другі раз, напэўна, схадзіўшы дадому за нажом, ці за нейкім іншым вострым прадметам, ён падышоў да сцяга і парэзаў яго напалову. Пры гэтым ён выкрыкаваў нейкія словы, якія сведчылі пра яго агрэсію да нацыянальнай сімволікі, і да таго, што адбываецца збор подпісаў за прадстаўніка Руху “За свабоду”.
— Удзельнікам пікетавання затрымаць нападніка не ўдалося. Справа зараз за супрацоўнікамі міліцыі, — сказаў Юрась Губарэвіч.

Палітык нагадаў, што гэта ўжо не першы напад на яго перадвыбарчыя групы. Раней у Мінску ў мікрараёне Усход на вуліцы Каліноўскага нецвярозыя маладыя людзі напалі на ўдзельнікаў пікету па зборы подпісаў за Губарэвіча. Яны былі затрыманы міліцыяй. Справа ўжо расследавана і рыхтуецца да перадачы ў суд, — сказаў Юрась Губарэвіч.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з Фэйсбука Юрася Губарэвіча