На плошчы Перамен пачалася бестэрміновая варта

Гэтай ноччу тут з'явіліся першыя намёты, жыхары ўсю ноч ахоўвалі мемарыял забітага Рамана Бандарэнкі.

Мемарыял на плошчы Перамен. Фота Яўгена Батуры

Мемарыял на плошчы Перамен. Фота Яўгена Батуры

За апошнія дні на плошчы Перамен утварыўся стыхійны мемарыял памяці Рамана Бандарэнкі, які памёр пасля збіцця невядомымі, што прыехалі зрываць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары.
Жыхары плошчы Перамен імя Рамана Бандарэнкі (цяпер яна мае такую назву) непакояцца, што такія мемарыялы — як костка ўпоперак горла ўлады: варта згадаць пастаяннае знішчэнне мемарыяла Аляксандру Тарайкоўскаму на Пушкінскай. Вакол плошчы Перамен таксама пастаянна канцэнтруюцца сілавікі і ціхары.Таму прысутныя там актывісты просяць усіх неабыякавых мінчукоў прыязджаць і дапамагаць абараніць народны мемарыял памяці Рамана.
Тут ужо ўтварылася вахта, якая сочыць за захаваннем мемарыяла ноччу. Абаронцам мемарыяла патрэбныя цёплае адзенне, гарачыя гарбата і ежа. І, вядома ж, добрая кампанія.

Фота: t.me/bondarenko_square