«На ўсіх тэрыторыях»: беларусам забароняць збірацца больш чым па пяцёра?

На сайце Віцебскага гарвыканкама апублікаваны план мерапрыемстваў па барацьбе з COVID-19, паведамляе «Еўрарадыё».



marsz_invalidy_fota_aljaksandra_zjankovicza_11_1_logo.jpg


Пункт 4 дакумента загадвае абмежаваць правядзенне любых масавых мерапрыемстваў колькасцю ўдзельнікаў больш за 5 чалавек: сходаў, камісій, выстаў, семінараў, канферэнцый і г. д.

Скрыншот з сайта Віцебскага гарвыканкама / vitebsk.gov.by

Скрыншот з сайта Віцебскага гарвыканкама / vitebsk.gov.by


У Віцебскім гарвыканкаме Еўрарадыё пацвердзілі, што дакумент ужо ўступіў у сілу. "Аналагічныя планы ёсць на ўсіх тэрыторыях", — пракаментаваў галоўны санітарны ўрач Віцебска Мікалай Красоўскі.
Наяўнасць плана нам пацвердзілі таксама ў Гомельскім гарадскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.
"Так, у нас ёсць такі план", — адказвае намесніца галоўнага санітарнага ўрача Гомеля Святлана Стэпавікова. На пытанне Еўрарадыё, чым абгрунтаванае абмежаванне ў 5 чалавек, яна адказвае, што не можа гэтага патлумачыць.
На ўсіх тэрыторыях — гэта значыць і ў Мінску? На 25 кастрычніка ў сталіцы Беларусі запланаваны маштабны мітынг у падтрымку міру, дабра і росквіту. Імаверна, на яго прывязуць больш за пяць чалавек.Прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі плануецца звезці ў Мінск з розных гарадоў. У тым ліку з Віцебска і з Гомеля, дзе забаронена збірацца больш за пяцёра.
Фота: Аляксандр Зяньковіч