На відэа патрапіў мужчына, які разбурыў мемарыял Рамана Бандарэнкі на Ангарскай
Невядомы наўпрост падфутболіў лампадкі памяці аб загінулым.
Учора споўнілася 40 дзён з трагічнай смерці 31-гадовага мінскага мастака Рамана Бандарэнкі. Па ўсёй краіне з гэтай нагоды прайшлі шматлікія акцыі памяці. Адбылася такая і ў Завадскім раёне сталіцы — паблізу вуліцы Ангарскай. Мясцовыя жыхары ўсталявалі там мемарыял у гонар Рамана. Аднак у нейкі час на месцы з'явіўся мужчына, які гэты мемарыял разбурыў, паведамляе «Ангарская для жыцця».
11 лістапада 2020 года Раман Бандарэнка пабачыў у чаце, што невядомыя асобы чарговы раз зрываюць бел-чырвона-белыя стужкі на «Плошчы Перамен», якая знаходзіцца непадалёк ад яго дома, і вырашыў не заставацца дома. Стужкі зрывалі людзі ў цывільным з маскамі на тварах, пачалася бойка. Невядомыя збілі Рамана, пасля чаго яго даставілі ў РУУС, а адтуль — ужо без прытомнасці — у бальніцу. Там ён і памёр на наступны дзень.