«Аб тым, што з гэтай заявай, звестак няма». Мама Бандарэнкі — аб праслухоўцы яе тэлефонных размоў
Мама Рамана Бандарэнкі Алена распавяла, што ні з ёй, ні з яе адвакатам пакуль ніхто не звязваўся з нагоды яе заявы аб узбуджэнні крымінальнай справы ў сувязі з праслухоўваннем яе тэлефонных размоў і іх выкарыстання ў рэпартажы Рыгора Азаронка, які выйшаў па СТВ.
— У Цэнтральнае РУУС 26 лістапада 2020 года я падавала заяву аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце сакрэтнага вядзення запісу маіх тэлефонных і іншых перамоваў, а таксама па факце распаўсюджвання названай інфармацыі ў СМІ. Ніякіх звестак, што з гэтай заявай адбываецца, у мяне няма. Са мной і маім адвакатам ніхто не звязваецца, — адзначыла Алена Бандарэнка TUT.BY.
Нагадаем, у рэпартажы гучалі запісы тэлефонных размоў, як сцвярджаецца, маці і жонкі Рамана Бандарэнкі.
Алена Бандарэнка адзначала, што на правядзенне запісаў тэлефонных размоў не давала дазволу, што запісы праводзіліся ўпотай ад яе, што яе асабістыя размовы з кім бы там ні было не могуць быць запісаныя, а тым больш размешчаныя ў вольным доступе, паколькі гэта супярэчыць патрабаванням нацыянальнага заканадаўства і міжнародных прававых актаў. Алена Сяргееўна лічыць, што падвергнулася абмежавання асноўных правоў і свабодаў, якія гарантаваныя дзяржавай, і што ні адзін нарматыўна-прававы акт у Беларусі не пазбаўляе яе права на недатыкальнасць асабістага жыцця і таямніцы перапіскі.
Як паведамляла раней БелаПАН афіцыйны прадстаўнік ГУУС Мінгарвыканкама Наталля Ганусевіч, міліцыя праводзіць праверку па заяве сваякоў Бандарэнкі. Паводле яе слоў, праверку праводзіць РУУС Цэнтральнага раёна Менска.
Алена Бандарэнка адзначае таксама, што яшчэ 16 лістапада 2020 года яе адвакат Інэса Аленская падала ў розныя інстанцыі запыты, звязаныя з высвятленнем усіх абставінаў смерці сына. Аднак не ўсе на іх адказваюць, нягледзячы на тое, што прайшло ўжо больш месяца.
Таксама, па словах мамы Рамана, служба міліцыі ГУУС Мінгарвыканкама афіцыйна адмовіла адвакату ў прадастаўленні звестак аб паступіўшых званках на спецлінію 102 з раёна «Плошчы Перамен» вечарам 11 лістапада 2020 года. Хоць на падобныя запыты адваката па іншых справах адказы, па яе словах, заўсёды прыходзілі.
Таксама Алена Бандарэнка адзначыла, што адправіла хадайніцтва ў Генеральную пракуратуру, каб ёй далі заключэнне эксперта па выніках праведзеных экспертыз і даследаванняў трупа. Паводле яе слоў, адказу пакуль таксама няма, хоць ёй паведамлялі, што экспертыза праводзіцца да 30 дзён.
Нагадаем, увечары 12 лістапада ў рэанімацыі БХМД у Мінску памёр 31-гадовы Раман Бандарэнка. За суткі да таго невядомыя людзі прыехалі на «Плошчу Перамен» зразаць стужкі, завязалася спрэчка з мясцовымі жыхарамі — у выніку Рамана скруцілі і завалаклі ў мікрааўтобус. Хто і куды павёз яго, што адбывалася з ім пасля — да гэтага часу невядома. Але ў бальніцы ў яго дыягнаставалі такія траўмы, што шанцаў на выжыванне амаль не было. Да гэтага часу няма інфармацыі аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце смерці Рамана Бандарэнкі, ідзе праверка.