40 дзён па Раману Бандарэнку. У розных гарадах краіны прайшлі акцыі памяці ў гонар загінулага мастака (фота, відэа)
Раман Бандарэнка памёр 12 лістапада, пасля таго як напярэдадні быў моцна збіты невядомымі.
Сёння спаўняецца 40 дзён са смерці Рамана Бандарэнкі — сталічнага мастака, якога цяпер ведае ўся Беларусь. Нагадаем, што крымінальная справа ў сувязі з трагедыяй дагэтуль не заведзеная.
Беларусы з розных гарадоў правялі акцыі памяці загінулага 31-гадовага мінчаніна.


11 лістапада 2020 года Раман Бандарэнка пабачыў у чаце, што невядомыя асобы чарговы раз зрываюць бел-чырвона-белыя стужкі на «Плошчы Перамен», якая знаходзіцца непадалёк ад яго дома, і вырашыў не заставацца дома. Стужкі зрывалі людзі ў цывільным з маскамі на тварах, пачалася бойка. Невядомыя збілі Рамана, пасля чаго яго даставілі ў РУУС, а адтуль — ужо без прытомнасці — у бальніцу. Там ён і памёр на наступны дзень.
Паводле TUT.BY, «Нашай Нівы», «Белсату».