На волю выйшлі Павал Севярынец і Максім Вінярскі (фота)

Сёння скончыліся 15 сутак арышту Паўла Севярынца і Максіма Вінярскага.

img_1548_logo.jpg


Палітыкаў на Акрэсціна сустракалі сваякі, сябры і паплечнікі: Вольга Севярынец, старшыня Руху "За Свабоду" Юры Губарэвіч, сустаршыня аргкамітэта БХД Віталь Рымашэўскі, старшыня БНФ Аляксей Янукевіч,  а таксама Дзяніс Садоўскі, Наталля Бордак, Вольга Кавалькова, Наталля Саматыя, Леанід Кулакоў, Юрась Лукашэвіч, Наста Дашкевіч, Аляксей Шэін, Барыс Гарэцкі і інш.

img_1550_logo.jpg
img_1493_logo.jpg


Гэтую сустрэчу на сур'ёзным узроўні пільнавала і міліцыя: побач было заўважана некалькі службовых машын, прыехала гарадское начальства, здымкі вялі аператары ў цывільным.

img_1485_logo.jpg


Павел і Максім распавялі, што на Акрэсціна ім адмыслова імкнуліся стварыць невыносныя ўмовы: людзей у камеры было больш, чым месцаў, часта падсажвалі бадзяг — брудных, з вошамі. Забіралі асадкі, не давалі паперу.  Падчас арышту Максім Вінярскі абвясціў галадоўку — сёння быў яе апошні дзень. Вячаслаў Сіўчык, які застаецца за кратамі, працягвае галадаць.


Нагадаем, Паўла Севярынца і Максіма Вінярскага міліцыянты затрымалі пасля заканчэння мірнай першамайскай акцыі, калі яны ўжо амаль дабраліся дадому. Затрыманне адбывалася з парушэннямі кодэкса аб Адміністратыўных правапарушэннях. На наступны дзень у судзе Цэнтральнага раёна актывістаў прызналі вінаватымі паводле артыкула 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў) і пакаралі 15 суткамі адміністратыўнага арышту.