На заснавальнікаў фонду салідарнасці BYSOL завялі крымінальную справу

Следчы камітэт пачаў крымінальную справу ў дачыненні да Андрэя Стрыжака і Аляксея Лявончыка. Іх абвінавачваюць у фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання і падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Пра гэта паведамляе прэс-служба СК.

51696378_1601931026104856_r.jpeg.crdownload

Раней СК распачаў крымінальную справу ў дачыненні да журналіста Андрэя Аляксандрава і Ірыны Злобінай па ч. 1 і ч.2 арт. 342 КК Беларусі («Арганізацыя і фінансаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Ім ставіцца ў віну тое, што яны аплачвалі штрафы людзей, якіх за ўдзел у мітынгах прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці, а таксама кампенсавалі іх утрыманне ў ізалятарах пасля адбыцця арышту.
— Падчас папярэдняга расследавання следчымі ва ўзаемадзеянні з ГУБАЗіК МУС выяўленыя факты арганізацыі і перадачы Аляксеем Лявончыкам і Андрэем Стрыжаком пры дапамозе іншых асоб грашовых сродкаў, для наступнага іх выкарыстання ў злачыннай дзейнасці Аляксандрава і Злобінай. У далейшым названыя грашовыя сродкі абвінавачаныя выкарыстоўвалі для аплаты (як асабіста, так і праз іншых асоб) штрафаў за здзейсненыя іншымі асобамі (удзельнікамі пратэстаў) адміністрацыйныя правапарушэнні, а таксама кампенсацыі нанесенай іх супрацьпраўнымі дзеяннямі шкоды, — паведамілі ў СК.
Адзначаецца, што падобная дзейнасць «ажыццяўлялася на сістэмнай аснове».
Паводле следства, Аляксей Лявончык з'яўляецца сузаснавальнікам і кіраўніком арганізацыі BY_help, «дзейнасць якой накіравана на аплату панесеных расходаў асоб, якія ўдзельнічаюць у пратэстах».
 Пры гэтым, Андрэй Стрыжак уваходзіць у склад так званай Каардынацыйнай рады, дзейнасць якой накіравана ў тым ліку на захоп і ўтрыманне ўлады ў Рэспубліцы Беларусь неканстытуцыйным шляхам, а таксама з'яўляецца сузаснавальнікам BY_help і BYSOL. Арганізацыя BYSOL займаецца фінансаваннем страйкамаў прадпрыемстваў, дэструктыўных дваровых супольнасцей, так званых фондаў медыцынскай, спартыўнай і культурнай салідарнасці. Устаноўлена, што аб'яднанні цесна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, — дадалі ў ведамстве.
У СК лічаць, што BYSOL таксама фінансаваў «экстрэмісцкае фарміраванне, створанае ў выглядзе аб'яднання дэструктыўных дваровых чатаў».
Дзеянні Аляксея Лявончыка і Андрэя Стрыжака кваліфікаваныя следствам па:
- ч. 2 арт. 342 («Іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»);
- арт. 361-2 («Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармiравання»).
У дачыненні да Стрыжака і Лявончыка вынесены пастановы аб прыцягненні іх у якасці абвінавачаных па ўсіх вышэйпаказаных злачынствах. Яны абвешчаныя ў міждзяржаўны вышук.
tut.by