Сузаснавальнік By_Help і BySol: нягледзячы на чарговую «крыміналку», фонды будуць працаваць надалей
Новая справа супраць сузаснавальнікаў фондаў By_Help і BySol працягвае папярэднюю, якая была заведзеная яшчэ летась у лістападзе, пра гэта ў жывым эфіры «Белсату» распавёў Аляксей Лявончык. На дадзены момант Аляксей Лявончык знаходзіцца ў Лондане, у Беларусі ён абвешчаны ў вышук за дапамогу рэпрэсаваным.
«Мне падавалася, што крымінальная справа заведзеная пасля 11 лістапада, калі была першая спроба блакавання рахункаў атрымальнікаў нашай дапамогі, але ў выніку Следчы камітэт быў вымушаны вярнуць 80-85 адсоткаў заблакаваных сродкаў», — распавёў Аляксей Лявончык.
Паводле следства, Аляксей Лявончык і Андрэй Стрыжак
перадавалі грошы медыяменеджару Андрэю Аляксандраву і Ірыне Злобінай для аплаты
штрафаў рэпрэсаваных асоб у Беларусі.
«Андрэй і Іра дапамагалі кампенсаваць штрафы людзям, але
прыцягванне сюды фінансаванне нейкіх экстрэмісцкіх фармаванняў — гэта хворая
фантазія», — заявіў Лявончык.
Колькі звяртаецца па дапамогу?
Пасля лістапада, калі была першая спроба блакавання сродкаў, якія атрымлівалі беларусы ад дабрачынных фондаў, быў уведзены шэраг іншых варыянтаў аплатаў.
«Мы прапаноўваем атрымліваць сродкі ў першую чаргу на
замежныя рахункі, але калі людзі хочуць атрымліваць на беларускія, то мы іх
папярэджваем, што іх варта лічыць "радыеактыўнымі", грошы зняць і нічога там
больш не трымаць. У прынцыпе, другая хваля блакавання, якая адбылася 30 снежня
мінулага года, паказала, што нашы рэкамендацыі былі пачутыя», — кажа Лявончык.
Паводле прадстаўніка фонду By_Help, калі першы раз беларускія
сілавікі заблакавалі паўтара мільёна, то ў другі раз — літаральна 5-6 тыс. рублёў.
Цяпер колькасць заявак у фонд By_Help часткова зменшылася,
да гэтага часу прадстаўнікі фонду апрацоўваюць 200-300 заявак на тыдзень.
12 красавіка на Аляксея Лявончыка і Андрэя Стрыжака завялі
крымінальныя справы. МУС нібыта выявіў факты арганізацыі і перадачы
сузаснавальнікамі фондаў By_Help і BySol грашовых сродкаў для выкарыстання іх
у «злачыннай дзейнасці». Стрыжак і Лявончык абвешчаныя ў міждзяржаўны вышук.