На Магілёўшчыну прывезлі цела беларуса, які загінуў у авіякатастрофе ў Егіпце
У чацвер, 5 лістапада, у Магілёўскую вобласць прывезлі цела беларуса, які загінуў у авіякатастрофе самалёта А321 31 кастрычніка ў Егіпце.
Фота: ВКонтакте
Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на загадчыка консульскім аддзелам пасольства Беларусі ў Расіі Уладзіміра Шорахава. Паводле яго слоў, учора ўвечары ў Санкт-Пецярбургу цела
апазналі маці і сястра загінулага. МНС Расіі выдзяліў ім два аўтамабілі.
Адзначаецца, што расійскі бок прадаставіў сям'і загінулага грамадзяніна Беларусі кампенсацыю ў памеры 100 тысяч расійскіх рублёў.
Як можна меркаваць, гаворка ідзе пра 28-гадовага ўраджэнца Клічава Рамана Серадзінскага. У сярэдзіне 2000-х Раман з'ехаў у Санкт-Пецярбург, дзе жыў і працаваў.
Таксама ў авіякатастрофе загінула сям'я беларускага паходжання. 59-гадовы Аляксандр Радлевіч, ураджэнец Калінкавіцкага раёна, жыў у Санкт-Пецярбургу разам з 56-гадовай жонкай Алай, якая таксама нарадзілася ў Беларусі.