На стары новы год «Белсат» прэзентуе альбом калядных песень (відэа)
Прэзентацыя пройдзе 13 студзеня ў 19.00 у галерэі “Ў”.
belsat.eu
На стары новы год тэлеканал «Белсат» прэзентуе альбом калядна-святочных песень, якія прагучалі ў праекце «Новае пакаленне на Новы Год», паказаным на тэлеканале ў ноч з 31 снежня на 1 студзеня.
«Мы прасілі кожнага з аўтараў напісаць песню, адпаведную нагодзе — каб выйшла ўрачыста, узнёсла,кранальна, па-святочнаму. Якраз сучасных навагодніх песень па-беларуску ў нас не стае, варта запаўняць гэтую нішу. Усе запрошаныя адгукнуліся імгненна і паставіліся да ідэі звышсурʼёзна», — тлумачыць аўтар праекту, галоўны рэдактар Tuzin.fm Сяргей Будкін.
Падчас імпрэзы прадзюсар праекту, галоўны рэдактар музычнага парталу Tuzin.fm Сяргей Будкін і рэжысёр Арцём Лобач распавядуць пра закуліссе запісу песняў у выкананні гуртоў, якія аб’ядналіся ў нечаканыя дуэты.
Два з іх — «Navi» і «Tonqixod» — зайграюць на прэзентацыі альбома.
Сярод іншых дуэтамі заспявалі: этна-гурт «VuRaj» і «CherryVata», «Палац» і Алесь Дзянісаў, «TonqiXod» і Сяргей Пукст, «Re1ikt» і Павел Аракелян, Алесь Кот-Зайцаў і Ганна Хітрык, Vinsent і Shuma, Аляксандр Памідораў і ПавелБулатнікаў.
Яскравы канферанс святочнага вечару забяспечаць вядоўцы — заслужаны артыст
Рэспублікі Беларусь Валянцін Салаўёў і акторка «Свабоднага тэатру» Юлія Шаўчук, а павіншуюць гледачоў вядомыя і шанаваныя асобы.
Уваход на канцэрт-прэзентацыю — вольны. Кожны ўдзельнік імпрэзы атрымае ў падарунак дыск з калядна-навагоднімі песнямі.