На заўтра Леаніда Судаленку выклікалі ва УУС па Гомельскай вобласці
Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу па ч.2 арт. 343УК РБ па факце распаўсюджвання парнаграфічных матэрыялаў з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт (санкцыя ад 2 да 4 гадоў пазбаўлення волі) і перадаў яго ў вытворчасць абласнога УУС. На заўтра, 15 красавіка, гомельскага праваабаронцу, кіраўніка "Прававой ініцыятывы" выклікаюць у абласное Упраўленне унутраных спраў.
— Гісторыя ўзнікнення крымінальнай справы раней апісвалася, не буду паўтарацца. — кажа Леанід Судаленка. — Магу толькі дадаць, што крымінальная справа ўзбуджаная па факце распаўсюджвання з паштовай скрыні sudalenko@mail.ru парнаграфіі. Гэтай скрыняй я карыстаўся каля 15 гадоў, яе я пісаў на візітоўках, на фірменным бланку арганізацыі і г.д. У мяне захавалася перапіска з службай тэхпадтрымкі паштовага рэсурсу аб тым, што з пачатку года я страціў кантроль над паштовай скрыняй, пасля яе ўзлому. Гэта значыць, што 6 сакавіка, на момант калі са скрыні пайшла рассылка парнаграфіі, асабіста я яе ўжо не кантраляваў.
Але ёсць інфармацыя, што расслыка порна ішла яшчэ і з IP-адраса гомельскага аддзялення РГА "Прававая ініцыятыва", старшынёй якога я з'яўляюся. Маўляў таму і былі канфіскаваныя кампутары. Пакідаю пакуль без адказу пытанне, чаму ў такім выпадку ператрус праводзіўся і па іншаму IP-адрасе, а менавіта па месцы жыхарства маёй сям'і, аднак павінен сказаць, офіс арганізацыі абсталяваны сістэмай доступу да сеткі Wi-Fi, пароль ад якой у сілу розных прычын з'яўляўся практычна публічным.
На самае галоўнае пытанне, хто стаіць за ўсім гэтым і каму выгадна «падвесіць» мяне на крымінальны артыкул я пакуль адназначнага адказу даць не магу.
І яшчэ. Сёння з раніцы з адвакатам мы так і не змаглі даць следству свае тлумачэнні па сутнасці крымінальнай справы. Пачуўшы наша жаданне прыйсці ў абласное УУС, на тым канцы дроту пажартавалі «Толькі калі яўка з павіннай». Аднак ужо пасля абеду, адвакату стала вядома, што ў абласным УУС мяне жадаюць бачыць заўтра ў 14.00. Думаю, не лішнім будзе сказаць пра тое, што на гэты час у мяне была запланавана сустрэча ў прадстаўніцтве Еўрасаюза ў Мінску, дзе зацікавіліся апісанымі падзеямі. Зразумела, што квіткі на цягнік прыйшлося здаць і на сустрэчу я не пападу...