Набыў моц закон аб канфіскацыі машын у нецвярозых вадзіцеляў

24 кастрычніка набыў моц закон, якім уносяцца папраўкі ў некаторыя кодэксы па пытаннях узмацнення мер адказнасці за кіраванне транспартным сродкам у стане ап'янення. 



get_img_1_2_.jpg

Папраўкі, у прыватнасці, прадугледжваюць змяненні арт. 61 КК, якія дазволяць прымяняць спецыяльную канфіскацыю транспартнага сродку, у тым ліку таго, што не належыць самому нецвярозаму вадзіцелю, у выпадках, калі распачата справа на падставе арт. 317-1 КК (кіраванне транспартным сродкам асобай у стане ап'янення, перадача кіравання транспартным сродкам такой асобе або адмова ад праходжання праверкі (агляду)). Канфіскацыя не будзе датычыцца выпадкаў, калі аўтамабілем завалодалі ў выніку крадзяжу, самаўпраўнасці і г.д. 
Пры гэтым маецца на ўвазе толькі канфіскацыя ў межах крымінальнага заканадаўства, гэта значыць гаворка ідзе пра паўторны выпадак кіравання транспартам на працягу года. Што датычыцца КоАП, то ў гэтым кодэксе будуць значна павялічаны сумы штрафаў за кіраванне ў нецвярозым стане: з 15—35 базавых велічынь да 50—100.  
Уносяцца дапаўненні і ў арт. 317 КК (парушэнне правіл дарожнага руху ці эксплуатацыі транспартных сродкаў). Калі па дзейным кодэксе ап'яненне ў гэтым выпадку абцяжарваючая акалічнасць, то ў новым варыянце ў артыкул уводзяцца дзве часткі, якія датычацца менавіта нецвярозых вадзіцеляў. Згодна з ч. 4, п'яны вадзіцель, па віне якога прычынена цяжкае цялеснае пашкоджанне ці загінуў чалавек, можа атрымаць ад шасці месяцаў да сямі гадоў пазбаўлення волі. Частка 5 за гібель двух і больш чалавек у ДТЗ па віне нецвярозага вадзіцеля будзе прадугледжваць ад чатырох да дзесяці гадоў пазбаўлення волі. Пры гэтым ніякіх альтэрнатыўных варыянтаў пакарання за такія злачынствы ў кодэкс не ўводзіцца. 
Праект закона, які прадугледжвае ўзмацненне жорсткасці адказнасці за кіраванне транспартнымі сродкамі ў нецвярозым стане, быў прыняты Палатай прадстаўнікоў 19 чэрвеня 2013 года. Савет Рэспублікі ўхваліў яго 28 чэрвеня. Кіраўнік дзяржавы падпісаў яго 12 ліпеня.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН