«Начныя ваўкі» не пусцілі журналістаў «Белсата» на сваю прэс-канферэнцыю
Сябры мотаклуба «Начныя ваўкі» не пусцілі двух журналістаў тэлеканала «Белсат» на сваю прэс-канферэнцыю, якая прайшла 1 мая ў будынку Генеральнага консульства Расіі ў Брэсце.
1 мая ўдзельнікі мотомарша «Дарогі Перамогі — на Берлін» на чале з лідарам мотаклуба «Начныя ваўкі» Аляксандрам «Хірургам» Залдастанавым пад'ехалі да будынку Генеральнага консульства Расіі ў Брэсце. Тут члены мінскай філіі «Начных ваўкоў» перашкаджалі працы журналістаў тэлеканала «Белсат»: яны закрывалі спінамі аператара, не давалі праводзіць здымку, а затым не пусцілі ў будынак расійскага генконсульства, дзе прайшла прэс-канферэнцыя матацыклістаў перад выездам да беларуска-польскай мяжы. У зносінах з расійскім генконсулам Ігарам Канякіным Аляксандр Залдастанаў назваў карэспандэнтаў «Белсату» «правакатарамі».
Падчас прэс-канферэнцыі лідар «Начных ваўкоў» адзначыў, што «беларускі ўчастак» мотомарша прайшоў спакойна.
«Нават намёку на [негатыў] не было. Адзіны пазітыў. Людзі не пыталіся, куды мы едзем. Усё толькі хацелі чымсьці дапамагчы і штосьці для нас добрае зрабіць. Гэта мы адчувалі на працягу ўсяго маршруту. (…) Мы гатовыя да цяжкасцяў, якія нас будуць чакаць у Польшчы, у Чэхіі. Мы ўжо пра гэта ведаем — людзі паведамлялі. Таму пазітыў для нас скончыцца на мяжы з Брэстам», — паведаміў Аляксандр Залдастанаў.
Пасля прэс-канферэнцыі матацыклісты адправіліся ў Брэсцкую крэпасць. Затым калона паедзе да пункта пропуску «Брэст», адкуль члены «Начных ваўкоў» паспрабуюць перасячы беларуска-польскую мяжу, каб далучыцца да еўрапейскага участку мотомарша.
Нагадаем, у мінулым і пазамінулым годзе «Начных ваўкоў» не пусцілі на тэрыторыю Еўрасаюза «па падазрэнні ў дачыненні да экстрэмісцкай арганізацыі».
Паводле nn.by