Над беларускім небам можна пабачыць Палярную вясёлку

AR-скульптура ў падтрымку ЛГБТК-людзей даступная да прагляду ў Беларусі з 1 верасня па 1 кастрычніка.

unnamed_296.jpg


Латвійска-брытанскі мастак Крыстапс Анцанс стварыў «Палярную вясёлку» (Polar Rainbow) у падтрымку LGBTQIA+, заклікаючы да эмпатыі, усвядомленасці і салідарнасці. Зараз працу аўтара ў дапоўненай рэальнасці могуць убачыць жыхары больш чым дзесяці краін, у тым ліку і Беларусі.
У Беларусі AR-скульптура даступная да прагляду з 1 верасня да 1 кастрычніка з дапамогай дадатка «Polar Rainbow», які мастак распрацаваў у супрацоўніцтве з талінскай студыяй візуалізацыі даных «Platvorm». Дадатак можна загрузіць на смартфон.
Інсталяцыя Анцанса ўяўляе сабой падвойную вясёлку, якая пралягае з Паўночнага на Паўднёвы полюс. Вясёлка лунае ў небе на лініі мерыдыяна 26E, і акрамя Беларусі яе можна ўбачыць таксама ў Нарвегіі, Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі, Літве, Украіне, Балгарыі, Турцыі, Румыніі, на Грэчаскіх астравах, у Зімбабвэ, Батсване і Паўднёвай Афрыцы.
Паводле слоў мастака, праект натхнёны акцыяй 1989 года «Балтыйскі ланцуг свабоды», калі каля двух мільёнаў чалавек з Эстоніі, Латвіі і Літвы ўзяліся за рукі, каб сфармаваць жывы ланцуг. У якасці мірнай палітычнай дэманстрацыі ланцуг працягнуўся амаль на 700 кіламетраў праз межы адпаведных краін у перыяд распаду Савецкага Саюза.
«Я лічу, што мастацтва сёння павінна вызначыць для сябе новыя дадатковыя задачы, каб падрыхтаваць нас да свету, у якім з'яўляюцца новыя пункты адліку, — каментуе сваю працу Крыстапс Анцанс. — Гістарычна адстойванне правоў чалавека ўзнікла ў розных лакальных кантэкстах; з тых часоў мы распрацавалі новыя тэхналогіі і стварылі інструменты для натхнення і падтрымкі, якія могуць глабальна аб'яднаць супольнасці. Вясёлка, якая аб'ядноўвае абодва полюсы, нагадвае нам пра бесперапынныя выклікі, і ў той жа час пра тое, што дуга часу можа прывесці да доўгатэрміновых змен».


Праект латвійска-брытанскага аўтара курыруе Карына Л. Апостал з Талінскага Дома мастацтва.
«У кантэксце і гісторыі Усходняй Еўропы праект асветліць барацьбу за роўныя грамадзянскія правы супольнасцей ЛГБТКІА+, бо спробы абмежаваць правы людзей з гэтых супольнасцей усё яшчэ працягваюцца ў пэўных кантэкстах», — адзначае куратарка.
Першы раз «Polar Rainbow» была запушчана 1 чэрвеня 2022 года ў супрацоўніцтве з «Times Square Arts» у Нью-Ёрку ў гонар гадавіны Прайду. 


Спампаваць дадатак для прагляду «Polar Rainbow» можна як для Android, так і для IOS.
Паводле прэс-рэлізу.