«Найпазней у кастрычніку», — Халезін пра рэйтынг і сыход Лукашэнкі

Кіраўнік Беларускага Свабоднага тэатру расказвае «Свабодзе» пра рэальны рэйтынг Лукашэнкі паводле даследавання пад эгідай інстытуту Гэлапа і пра той момант, калі міжнародная супольнасць прапануе Лукашэнку дапамогу, каб ён мог пакінуць краіну.



f895ea59_b020_4a1f_a0e9_3b12c2573c2d_w1023_r1_s.jpg

 

Асноўныя тэзісы размовы

 

Пра ўнікальнасць беларускага пратэсту

Цяпер адбываецца рэструктурызацыя пратэсту, гэты працэс — самы складаны. Структуры, якія да гэтага працэсу падводзілі, былі зарыентаваныя на іншае, на перамогу на выбарах. Гэтая перамога адбылася. Цяпер мы знаходзімся, па сутнасці, у рэжыме вайны. Гэта ваенныя дзеянні. І тут штаб, які займаўся выбарамі, зусім не прыдатны для працы ў такіх умовах. Таму рэструктурызацыя адбываецца дастаткова складана і не без памылак, што натуральна. Пратэст застаецца існаваць у тым жа рэжыме, як раней, без лідара. Гэта ўнікальнасць сітуацыі ў Беларусі, дзе існуюць гарызантальныя сувязі, дзе няма вертыкалі, няма ціску зверху, дзе ёсць толькі партнёрскія адносіны, і таму гэты пратэст можа быць доўгім, працягвацца столькі, колькі спатрэбіцца часу.

Пра Вадзіма Пракоп’ева

У мяне няма ніякага асуджэння. Кожны мае права дзейнічаць так, які лічыць патрэбным. Мы адзін з адным кантрактаў не падпісвалі. Калі мы кажам пра пэўную рэвалюцыйную сітуацыю, то нават у такой сітуацыі ёсць сферы, у якіх найперш важны прафесіяналізм. Калі мы кажам пра вонкавую палітыку, то не атрымаецца проста раней займацца рэстаранным бізнесам і быць знаёмым з некалькімі пасламі і некалькімі чыноўнікамі і думаць, што ты нечага зможаш у гэтай сферы дамагчыся. Так гэта не працуе, на жаль. Можа, гэта было б ідэальным, калі б кожны з нас расказваў пра свае беды еўрапейцам ці амерыканцам, а яны прымалі б рашэнні. Так не бывае. Гэта ўсё будуецца на сувязях, якія наладжваюцца гадамі, а ў асобных выпадках дзесяцігоддзямі. Гэта складаныя рэчы. Вялікая колькасць структураў, людзей, якія ў гэтым задзейнічаныя, якія могуць прымаць рашэнні, калі яны разам іх прагаворваюць і прыходзяць да агульнага.

Пра тое, чым не займаецца Беларускі свабодны тэатр

Беларускі свабодны тэатр займаецца пастаноўкамі спектакляў і тэатральнай дзейнасцю, ён дакладна не займаецца палітыкай у чыстым выглядзе. Гэтым займаемся мы з Наталляй Калядой. Наташа працавала больш за 10 гадоў на амерыканскі ўрад, пачынаючы ад вываду ядзерных узбраенняў і завяршаючы працай у амбасадзе ЗША. Яна мае ўзнагароды Дзярждэпартаменту за асабістую мужнасць. Мой бэкграўнд — праца ў журналістыцы, палітычнае кансультаванне і кантакты з многімі сусветнымі палітыкамі, грамадскімі дзеячамі. Тэатр гэтым не займаецца, канечне. Так атрымалася. Я не скажу, што мы ў захапленні ад гэтай працы, што нам гэта вельмі падабаецца. Але калі ты бачыш, што ў гэты момант гэта робяць лічаныя людзі, а патрэбныя намаганні сотні чалавек, то, канечне, ты спрабуеш гэтую амбразуру закрыць. Мы працуем і каардынуемся з вялікай колькасцю людзей.

Пра «экзістэнцыяльную паразу» Лукашэнкі

Некалькі дзён таму мне давялося пазнаёміцца з вынікамі сацыялагічных даследаванняў па Беларусі. Гэта не ўдавалася зрабіць доўгі прамежак часу. Цяпер я знайшоў пацверджанне сваіх думак лічбамі, а некаторыя рэчы адкрыліся для мяне зусім з іншага боку. Тое, што сёння адбываецца ў Беларусі на вуліцах гарадоў, па ўсёй краіне, — вынік экзістэнцыяльнай паразы Аляксандра Лукашэнкі. Гэта не выпадкі і не сукупнасць выпадковасцяў. Гэта экзістэнцыяльная параза, якая павінна была адбыцца. Яна складаецца з трох фактараў, якія спрацавалі кумулятыўна, якія ўвесь працэс крышталізавалі.

Першы фактар — COVID, які падштурхнуў беларусаў усвядоміць, што ўлада не толькі не дапаможа ім у барацьбе з гэтым, але і ўсяляк хавае гэта, а значыць, што на гэтую ўладу спадзявацца нельга. Недавер да ўлады з лютага па красавік падвоіўся. Другі фактар — татальнае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі, якое не было звязана з пандэміяй. Гэта былі правалы Лукашэнкі ў сферы эканомікі, якія людзі адчулі на сабе. Такое было і раней, але ў перыяд са студзеня беларусы ўсвядомілі, што татальна з эканомікай усё дрэнна, і цяперашняя ўлада не ў стане даць рады. Трэці фактар — дзеянні АМАПу, кроў, збіццё.

Чаму я ведаю, што Лукашэнка сыдзе? Таму што ён не ў стане адыграць ніводную з трох пазіцый, па ніводнай нельга вярнуць станоўчую дынаміку. Яна можа толькі пагаршацца.

Пра рэйтынг Лукашэнкі

Я гаварыў з кіраўніком сацыялягічнай службы, якая праводзіла апытанне. Гэта сацыялагічная служба, якая атрымала сёлета прыз кампаніі Gallup. Паводле гэтага апытання, рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі — 8,6–8,9 у калідоры 8 працэнтаў. На 15 жніўня. Ён яшчэ не бегаў з аўтаматам, яшчэ не адзяваў свайго сына ў карнавальныя касцюмы. Думаю, што было яшчэ зніжэнне, і сёння можам гаварыць пра 5–6 працэнтаў. Гэта якраз тое ўстойлівае ядро яго падтрымкі, тыя людзі, якія ездзяць на мітынгі за грошы. Па факту, гэта яго катастрофа і канец ягонай палітычнай карʼеры.

Пра міжнародную перамоўную групу для мірнай перадачы ўлады


Міжнародная супольнасць павінна падрыхтаваць перамоўную групу з некалькімі відамі прапановаў пра мірную перадачу ўлады. Я чую крытыку не першы тыдзень пра тое, што вы прапаноўваеце яму сысці ад адказнасці, але хачу патлумачыць, што мая помста ці помста маіх суайчыннікаў не каштуе жыцця ніводнага пратэстоўца. Калі ёсць магчымасць засунуць яго ў самалёт і адправіць з Беларусі туды, куды ён захоча, — хай ён ляціць, але больш ніхто не павінен загінуць.

Пра працягласць мірнага пратэсту

На мой погляд, гэта зойме яшчэ верасень. Максімальны тэрмін, як я дапускаю, — верасень-кастрычнік. Больш ён не вытрымае, не вытрымае і ягонае атачэнне, не вытрымаюць ягоныя афіцэры, якім трэба ўвесь час знаходзіцца ў баявой гатоўнасці, а заробак ён ім плаціць, на ягоны жаль, доўга не зможа. Бо ўтрымліваць столькі сілавікоў па ўсёй краіне — нерэальная нагрузка, улічваючы, што грошай у краіне няма. Я думаю, што гэта пытанне двух бліжэйшых месяцаў.

Пра мірных пратэстоўцаў

Магу толькі прыкленчыць перад імі і сказаць, што нам трэба цярпення і сіл. І ўсё. І не кідаць адзін аднаго. Мы павінны адзін у аднаго верыць, што мы не здрадзім. Толькі так можна прайсці гэты вельмі страшны і вельмі цяжкі перыяд. Я заўсёды разглядаю найгоршае вырашэнне, што магло б адбыцца горшага. Калі ўсё спыніцца, ён будзе помсціць усім, пачынаючы ад дыджэяў, заканчваючы кіраўнікамі прафсаюзаў. І гэтага дапусціць нельга. Адначасна нам трэба думаць пра тое, што будзе, калі яго не стане. Далей нам катэгарычна нельга праваліць краіну ў гэтыя эмоцыі, помсту, разборкі, бо гэта для ўсяго дрэнна будзе.
Ганна Соўсь, www.svaboda.org