«Нам не сорамна». Слуцкае медыя «Інфа-кур'ер» прыпыняе дзейнасць пасля прызнання «экстрэмісцкім»

Рэжым Лукашэнкі знішчыў чарговае незалежнае медыя. Слуцкае выданне «Інфа-кур'ер» абвясціла аб прыпыненні дзейнасці. Напярэдадні ўвесь кантэнт праекта (газета, сайт і сацсеткі) быў прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У сакавіку ў рэдакцыі прайшлі ператрусы, а галоўны рэдактар Сяргей Станкевіч і его намеснік Алег Рубчэня былі кінуты за краты на 15 сутак па цалкам «палітычных» абвінавачаннях.

Фота slutsk-gorod.by

Фота slutsk-gorod.by

8 красавіка рэдакцыя «Інфа-кур'ера» з нагоды закрыцця звярнулася да чытачоў.

«Рэдакцыя больш не зможа, на вялікі жаль, парадаваць вас цікавымі і карыснымі матэрыяламі, парадавацца вашым поспехам, паспрабаваць разам знайсці рашэнні тых праблем, з якімі вы сутыкаецеся, — адзначаецца ў звароце. — Мы вымушаныя спыніць выпуск друкаванай газеты, а таксама не можам працягваць працу на электронных пляцоўках.

Пра гэта балюча казаць. Пра гэта можна казаць толькі са слязамі на вачах, суцяшаючы адзін аднаго тым, што мы стараліся працаваць, як казалі і самі чыноўнікі (асабліва пасля сыходу са сваіх пастоў), прафесійна.

Мы не займаліся прапагандай і ўсхваленнем каго б там ні было, не падладжваліся пад уплывы рознай палітычнай траскатні. Мы, вядома ж, дзесьці памыляліся, але заўсёды вучыліся і стараліся быць не прадузятымі».

Журналісты падкрэслілі, што ў рэдакцыі за гады працы склалася «класная каманда, якая расла прафесійна, проста жыла газетай і мела свайго чытача».

«Дзякуй! За пражытыя 23 (з лішкам) гады нам не сорамна! Прабачце за такі крыўдны і непрадказальны фінал! Мы яго не выбіралі, — гэта сёння мы вымушаныя са слязамі на вачах сказаць і адзін аднаму, і ўсім нашым чытачам, і тым, хто нас друкаваў і прадаваў, і нашым рэкламадаўцам, якія хварэюць за росквіт Случчыны. Усім вам нізкі паклон і наша прызнанне», — напісалі журналісты выдання.

Пасля 2020 года лукашэнкаўцы паслядоўна вынішчаюць у краіне любое вольнае слова. Рэдакцыі незалежных медыя разгромленыя або выціснутыя за мяжу. Дзясяткі журналістаў застаюцца за кратамі, сотні вымушана з'ехалі. Большасць недзяржаўных СМІ абвешчаныя «экстрэмісцкімі» і тым самым пастаўленыя па-за законам.