«Мы створым лагеры для пратэстоўцаў» (аўдыё)

Ініцыятыва былых сілавікоў BYPOL апублікавала гуказапіс выступу чалавека, голас якога нагадвае голас намесніка міністра ўнутраных справаў палкоўніка міліцыі Мікалая Карпянкова. Раней ён займаў пасаду начальніка ГУБАЗіК МУС, піша «Свабода».

997dc556_63f2_4650_89dd_07b4f092a87e_w1023_r1_s.jpg


Як сцвярджае BYPOL, у кастрычніку 2020 года на развітальнай сустрэчы з асабістым складам ГУБАЗіК Карпянкоў расказаў аб новых відах спецыяльных сродкаў, якія паступілі на ўзбраенне і маюць вялікую сілу траўмавання, якія павінны прымяняцца ў дачыненні да грамадзянаў і пра спосабы іх прымянення для наступлення смяротнага зыходу.

«Прыйшоў час, калі ні адзін супрацоўнік органаў, нават, атрымліваецца, амапавец, не павінен выходзіць на масавыя беспарадкі, не маючы з сабой агнястрэльнай зброі. Таму прыйшоў іншы час».

Карпянкоў запэўніў падначаленых, што Аляксандр Лукашэнка асабіста гарантуе беспакаранасць такога роду дзеянняў пры выкарыстанні зброі і спецсродкаў: «Кіраўніком дзяржавы мы прыкрытыя з усіх бакоў у плане прымянення зброі».


Акрамя таго, у запісе чуваць, як Карпянкоў расказвае пра планы стварыць спецлягер для бестэрміновага адсялення асобаў, якія паўторна ўзялі ўдзел у акцыях пратэсту. Гэты лагер плануецца стварыць на базе папраўчай калоніі № 22 у г. Івацэвічы, так званых «Ваўчыных нораў».

«З гэтай мэтай у МУС створана адзіная інфармацыйная сістэма “БЕСпорядки” (назва прыведзена ў арыгінальнай транскрыпцыі), куды змяшчаецца інфармацыя аб усіх асобах, затрыманых за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах», — паведамляе BYPOL.
«Ствараецца база дадзеных. У гэтай базе дадзеных, хто трапіў другі раз, той павінен там і застацца. Сказана: распрацаваць, зрабіць лагер, зрабіць лагер ну не для ваеннапалонных і не для інтэрнаваных нават, а лагер для асабліва востракапытных такі.... для адсялення. І паставіць калючы дрот па перыметры. Два памяшканні зрабіць — топка — паверх, кормім —паверх, каб працавалі. Але там іх трымаць, пакуль усё не супакоіцца».Яшчэ адна крыніца BYPOL, не звязаная з аўдыёзапісам, пацвердзіла планы па стварэнні лагера для ўдзельнікаў пратэстаў.