Намесніка старшыні КХП БНФ аштрафавалі за Дзяды і мітынг у Курапатах
Юрася Беленькага пакаралі штрафам як арганізатара шэсця на Дзяды і мітынгу ў Курапатах 3 лістапада ў Мінску.
Мінскі раённы суд аштрафаваў намесніка старшыні КХП БНФ на 765 рублёў — як арганізатара шэсця на Дзяды і мітынгу ў Курапатах. Кіраўніцтва партыі, якое падала заяўку на акцыю, адмовілася складаць дамовы на паслугі з міліцыяй і камунальнікамі. Пра гэта быў складзены пратакол, які разгледзеў суддзя Віктар Шаўцоў.
Першае пасяджэнне па справе прайшло 3 снежня. Выслухаўшы Юрася Беленькага і сведку-міліцыянта, суддзя папрасіў Беленькага прынесці некаторыя дакументы ды перанёс разгляд справы на 9 снежня.
Аднак сёння, калі Юрась Беленькі паказаў запатрабаваныя дакументы, суддзя Шаўцоў далучыў іх да справы і адразу абвясціў вырак — штраф у 30 базавых велічынь.
«Гэта цалкам палітычнае і незаконнае рашэнне. Відавочны ціск на тыя палітычныя структуры, якія стаяць на пазіцыях адстойвання незалежнасці і гатовыя арганізаваць масавыя пратэсты супраць паглынання Беларусі Расіяй», — сказаў у каментары пасля суду Юрась Беленькі.
Палітык збіраецца абскардзіць пастанову Мінскага раённага суду і ў тым ліку накіраваць скаргу ў ААН. Апошні раз Юрася Беленькага штрафавалі за арганізацыю шэсця і мітынгу на Дзяды пяць гадоў таму.
Паводле spring96.org