Намінаванне на Прэмію Сіліцкага адкрытае яшчэ тыдзень
28 лютага завершыцца грамадскае намінаванне на Прэмію імя Віталя Сіліцкага “За ўнёсак у развіццё паліталагічнай думкі ў Беларусі”. Яшчэ цягам тыдня можна адзначыць абраныя вамі паліталагічныя працы праз адмысловую форму на сайце Камітэту памяці Віталя Сіліцкага.
![sil.jpg sil.jpg](/img/v1/news/full/sil.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Камітэт памяці вядомага беларускага палітолага Віталя Сіліцкага рыхтуецца да ўручэння першай прэміі яго імя “За ўнёсак у развіццё паліталагічнай думкі ў Беларусі” і запрашае ўсіх, хто падзяляе ідэі Сіліцкага, далучыцца да арганізацыі гэтага мерапрыемства з тым, каб яно сапраўды стала знакавай падзеяй.
У Камітэце адзначылі, што атрымалі каля пятнаццаці прапановаў.
— Мы б вельмі хацелі бачыць больш актыўнасці ў намінаванні з боку тых людзей, якія не належаць да навуковага асяродку. Усё ж такі паліталогія тлумачыць многія з’явы, звязаныя з нашым штодзённым жыццём, а разуменне дае магчымасць прымаць рацыянальныя рашэнні. Таму было б цудоўна, каб гэтая навука станавілася папулярней у шырокіх масах, — падзялілася меркаваннем сябра аргкамітэту Прэміі Дар’я Слабчанка. — Мы патроху вучымся ганарыцца вядомымі беларусамі - спартоўцамі, дзеячамі культуры і г.д. Навукоўцы таксама вартыя гонару. У паліталогіі, безумоўна, сапраўднай зоркай быў і застаецца Віталь Сіліцкі.
Больш даведацца аб працы Камітэту памяці і вылучыць свайго намінанта можна на сайце http://vitalisilitski.org/. Свае прапановы па намінантах, а таксама па дапамозе ў арганізацыі Прэміі можна дасылаць і на мэйл ccvsilicki@gmail.com.