Магчыма, у Бабруйску спецыяльна вырошчваюць сабак для баёў

Аказваецца, гэта і не забаронена. Чарговы напад жывёлы на людзей узбударажыў Бабруйск. А зааабаронцы зноў увайшлі ў клінч з прадпрыемствам па адлове сабак, піша mspring.online.

maxresdefault_1_3.jpg


Навіна аб тым, як шасцёра бабруйчан, сярод якіх апынулася пяцігадовае дзіця, трапілі ў бальніцу з ірванымі ранамі рознай ступені цяжкасці, абляцела 11 траўня інфармацыйныя агенцтвы. Сабака байцоўскай пароды пітбуль напала на людзей прама на дзіцячай пляцоўцы каля інтэрната па вуліцы Ванцэці. Шпіталізацыяй і выпіскай пацярпелых з лякарні справа не скончылася. Гэта гісторыя з працягам.
Відавочцы адзначаюць, што смак крыві распаліў жывёлу, і яна падчас інцыдэнту стала кідацца на ўсіх запар. Фактычна гэта быў бой паміж людзьмі і зверам. Забіць сабаку змог толькі кіроўца, які праязджаў міма – чатырма магутнымі ўдарамі дамкрата па галаве. Цяпер мясцовая міліцыя праводзіць расследаванне, а труп жывёлы перавезены ў Магілёў для экспертыз.
Высветлілася, што пітбуль быў не проста байцовай пароды, а ўдзельнічаў у рэальных сабачых баях – жывёла была ў шнарах, раны зашытыя і прадэзінфікаваныя лекавымі сродкамі. У прыватным сектары побач з інтэрнатам у адным з дамоў быў выяўлены і заводчык сабак байцоўскіх парод. Аднак на дадзены момант ён адмаўляе прыналежнасць яму забітай жывёлы, бо інакш яму пагражае крымінальная адказнасць. Каб даведацца праўду, прызначаная комплексная экспертыза трупа жывёлы. У любым выпадку, праваахоўнікі ўпэўненыя, што развядзенне пітбуляў у такой колькасці – гэта камерцыйны інтарэс: іх выстаўляюць на баі.
Магілёўскі часопіс аб правах чалавека MSPRING.ONLINE вырашыў пацікавіцца, дзе запатрабаваныя байцоўскія пароды. Аказваецца, нелегальны таталізатар можа прыносіць нядрэнны прыбытак. Напачатку 2000-х лідарства па падпольных баях трымаў Гомель. Там у зялёным масіве на беразе Сожа была арганізавана арэна для сабак-гладыятараў. Пасля 2011 года міліцыя стала спыняць падобныя мерапрыемствы, апошні раз інфармацыя аб баях прасачылася ў сацсеткі ў 2013 годзе – сабакі біліся зноў пад Гомелем, на тэрыторыі закінутага піянерлагера. Пасля гэтага беларускія ўладальнікі байцоўскіх парод накіраваліся ў Расію і Украіну.
У Расіі попыт на сабачыя баі самы высокі. Акрамя Падмаскоўя падобныя спаборніцтвы – а для іх нават ёсць асаблівае паняцце «піт-спорт» – праводзяцца ў Кемерава, Краснаярску, Ніжнім Ноўгарадзе і Новасібірску. Дачны пасёлак Кубекава пад Краснаярскам практычна адкрыта называюць нелегальным цэнтрам па арганізацыі сабачых баёў. Зрэшты, наступнае фота ілюструе лепш за ўсё, як у Расіі ставяцца да такіх відаў «спорту».

РИА Новости

РИА Новости


Працягласць бою, калі прымаюцца грашовыя стаўкі, часцей не агаворваецца. Гэта значыць, што ён вядзецца да поўнай перамогі адной з сабак або пакуль гаспадар не здыме гадаванца з бою і такім чынам аўтаматычна прайграе грошы. Кожны гаспадар сабакі ўносіць залог, які дастанецца баку, які выйграў. Стаўкі стартуюць ад 100 долараў ЗША.
Зрэшты, было б па-дурному меркаваць, што мерапрыемствам такога плану ў Беларусі пакладзены канец. Прававы статус баёў з удзелам жывёл у Беларусі не вызначаны, як і правядзенне падобных турніраў. Арганізатараў можна прыцягнуць толькі да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 15.45 КаАП за “Жорсткае абыходжанне з жывёламі, што пацягнула іх гібель або калецтва, а роўна катаванне жывёл”. Гэта толькі штраф ад дзесяці да трыццаці базавых велічынь або адміністрацыйны арышт. Напрыклад, спаборніцтвы ваўкадаваў да нядаўняга часу праводзіліся цалкам легальна і называліся «тэставымі выпрабаваннямі», неабходнымі для селекцыі.
Але ўладальнікі баявых пітбуляў не афішуюць сваю дзейнасць, бо іх змаганні носяць больш жорсткі характар. Забароны – нішто ў параўнанні з ганарарамі, якія атрымліваюць уладальнікі сабак-пераможцаў на падпольных баях. Нават унутры Беларусі цана на маладога пітбуля вагаецца ў залежнасці ад падрыхтоўкі ад 300 да 1000 долараў ЗША. Калі сабака пачынае выйграваць баі, то яго кошт можа вырасці да трох тысяч долараў ЗША і вышэй. У сярэднім жывёла выйграе да 5-6 баёў, пасля чаго, як правіла, гіне.
Знаёмыя бабруйчане з ліку кінолагаў адзначаюць, што мясцовы заводчык на сваім прыватным участку вырошчвае не чыстых пітбуляў, а метысаў. За чысцінёй пароды ён не вельмі сочыць, і гэта выклікае пытанні. Некаторыя каментатары выказваюць здагадку, што ў яго на ператрымцы могуць утрымлівацца наогул чужыя асобіны, якія адпачываюць пасля баёў. У дадзены момант домаўладанне ўзята міліцыяй пад кантроль.
Трэба адзначыць, што ў Беларусі зацверджаны пералік патэнцыйна небяспечных сабак. Яны ў абавязковым парадку павінны знаходзіцца па-за закрытым памяшканнем на кароткім ланцужку і ў намысніку.
Інцыдэнт 11 траўня ў Бабруйску пацягнуў яшчэ адну непрыемную з’яву. Ужо праз дзень у пункце для часовага ўтрымання безнаглядных жывёл бабруйскага спэцаўтапрадпрыемства скончыліся месцы. Участак па адлове бадзяжных сабак прадказальна запрацаваў ва ўсю сілу. Гэта заўважылі мясцовыя зааабаронцы.

mest_net.jpg


Далей больш. Сабак стала паступаць усё больш, і больш грошай спатрэбілася для іх выкупу і выратавання. У Бабруйску дзейнічае досыць дзіўная схема. Зааактывісты выкупляюць жывёл за ўласныя грошы і адпраўляюць іх чамусьці ў Санкт-Пецярбург. Але грошай не хапае, абвешчаныя даты ўсыплення жывёл.

data_death.jpg


У сацсетках абмеркаванне гэтай тэмы носіць вельмі рэзкі характар. Валанцёры называюць САП «усыпалкай», а злоўленых жывёл «смяротнікамі». Ва ўсіх грахах яны абвінавачваюць спецаўтапрадпрыемства, працаўнікі якога пасля надзвычайнага здарэння сталі дзейнічаць больш жорстка. Падаецца, канца гэтай гісторыі пакуль не відаць. Бабруйску фатальна не шанцуе з жывёламі.
Нагадаем, гэта не першая гісторыя. 21 лістапада 2008 года зграя сабак напала ў Бабруйску на 20-гадовую Таццяну Шараеву. Яны пакусалі дзяўчыне ногі, тулава, твар, амаль цалкам адгрызлі правую руку і знялі скальп. Тры тыдні ёй давялося правесці ў коме, але пасля пералівання крыві і аперацый па перасадкі скуры дзяўчына ўсё ж выжыла.
Саша Мінько, mspring.online