Нарвежскі палітык: хрысціяне павінны не толькі маліцца, але і дзейнічаць

Сокндаль — невялікі горад у Нарвегіі — 3300 жыхароў. Асноўная прамысловасць — здабыча тытану. Па разліках навукоўцаў  яго запасаў хопіць на 200 гадоў. Шмат жыхароў занятыя ў газавай і нафтавай прамысловасці.



imag3273.jpg

Карэспандэнт КРЫНІЦА.INFO падчас паездкі па Нарвегіі пазнаёмілася з камунай Сокндаль і яе мэрам Трондам Арнэ Педэрсэнам ад Хрысціянска-дэмакратычнай партыі (KrF). Раней ён як інжынер-электрык працаваў у інфраструктуры па здабычы прыроднага газа.

Мэр — самая галоўная асоба ў камуне (як у Беларусі — раёны). Мясцовае насельніцтва абірае прадстаўнікоў у муніцыпальную раду, а ўжо абраныя прадстаўнікі вырашаюць, хто будзе мэрам.

У Сокндалі існуе шэсць палітычных партый. На апошніх выбарах за KrF прагаласавала 19,5%, але каб у муніцыпалітэце мець рашаючы голас у вырашэнні пытанняў, яны заключылі пагадненне яшчэ з дзвюма партыямі.

Роля мэра — працаваць для жыхароў камуны так, каб за чатыры гады дабрабыт насельніцтва мяняўся ў лепшы бок. Кожны жыхар можа прыйсці да мэра са сваімі прапановамі або праблемамі. Мэр шмат часу праводзіць, каб выслухаць людзей, а потым разам з радай муніцыпалітэта і адміністрацыяй  плануе, як знайсці найбольш аптымальны варыянт вырашэння пытанняў.

Мэр павінен забяспечыць адпаведнае развіццё рэгіёна: вызначэнне месцаў для прамысловасці і прыватных пабудоў, дарогі, культура, падтрымка мясцовага бізнесу. У асноўным, у Нарвегіі прыватны бізнес, толькі кампанія па вытворчасці мясцовай электрычнасці належыць муніцыпалітэту. Бюджэт муніцыпалітэту складаецца з падаткаў.

IMAG33611-280x157.jpg

Большасць насельніцтва камуны належыць да Лютэранскай Царквы. Каля 10% — больш за 300 чалавек — да Пяцідзясятніцкай Царквы. З’яўляецца пяцідзясятніцкім вернікам і мэр Сокндаля.

— Як стасуюцца ў вашым асабістым жыцці хрысціянства і палітыка? І як да  палітычнай дзейнасці ставіцца ваш пастар?

— Некаторыя цэрквы стараюцца не быць занадта палітычнымі. Тады там вядзецца асабістая праца праз сябраў KrF, якія наведваюць царкву. Вядома, што члены царквы галасуюць за розныя партыі. Але наш пастар вельмі ганарыцца тым, што менавіта хрысціянін з яго царквы абраны мэрам. І ён лічыць, што царква павінна больш актыўна ўдзельнічаць у палітыцы, і нават займаць  лідзіруючую пазіцыю. Гасподзь, калі стварыў людзей, даў ім адказнасць за іх жыццё. І калі хрысціяне не прымаюць адказнасць, то цяжка казаць пра вынік рашэнняў, якія будуць прыняты іншымі. У хрысціянстве ёсць каштоўнасці, якія падыходзяць для ўсіх людзей, і нават для тых, якія не падзяляюць хрысціянскія погляды. Таму важна займацца і евангелізацыяй, і палітыкай.

— Як сябра царквы, ці займаліся вы якім служэннем?

— У царкве я быў адказны за будаўніцтва будынка для царквы. Будаўніцтва пачалося, калі я яшчэ не быў мэрам, і скончылася, калі я ўжо заняў гэты пост, але я не пакінуў, а давёў гэту справу да заканчэння.  Зараз менш часу магу выдзеліць на справы царквы, бо шмат даводзіцца працаваць у мэрыі, працоўны дзень выходзіць за рамкі адведзенага часу.

Я ўпэўнены, што хрысціяне не толькі павінны маліцца за дабрабыт дзяржавы, але і абавязаны актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці сваёй краіны, каб прымаць правільныя рашэнні і кантраляваць іх выкананне.

krynica.info