Насельніцтва Беларусі павялічваецца ўпершыню за 20 гадоў

Перадусім за кошт мігрантаў, але расце і нараджальнасць.



migraciya_naseleniya_stran_sng.jpg

Паводле апошніх падлікаў Белстата, па стане на 1 верасня насельніцтва Беларусі дасягнула 9 464 400 чалавек.
Гэта на 7 тысяч чалавек больш, чым год таму. Колькасць жыхароў Беларусі расце чацвёрты месяц запар - і гэта нечаканая з'ява.
Насельніцтва Беларусі павялічвалася да 1994 года. Тады нас было 10 243 500 чалавек — гістарычны рэкорд, які супаў з часам прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі.
З таго часу — як адрэзала. Нараджальнасць скарачалася, а смяротнасць расла.
У сярэдзіне 2000-х штогод вымірала па 60—70 тысяч чалавек.
Для параўнання, столькі жыве ў Светлагорску, Рэчыцы ці Жодзіне. Калі б дынаміка засталася ранейшай, праз дваццаць гадоў вымерла б яшчэ больш за 200 тысяч беларусаў.
Аднак нарэшце нараджальнасць стала патрохі расці, а смяротнасць спынілася на месцы.
Падтрымка з’явілася і яшчэ з аднаго боку. У Беларусі расце колькасць мігрантаў. Згодна з афіцыйнай статыстыкай, ад пачатку года ў краіну прыехала з-за мяжы жыць 12 тысяч чалавек, а з’ехала — усяго 5 тысяч.
Такі перакос адбываецца шмат у чым дзякуючы метадалогіі падліку — калі эмігрант не «выпісваецца» са сваёй кватэры, ён эмігрантам не лічыцца. А вось замежнік, які набывае жыллё ў Беларусі і рэгіструецца ў ім (хоць можа і не жыве там), аўтаматычна запісваецца ў беларускае насельніцтва.
nn.by