Наста Палажанка: “На кожную скаргу пагражалі карцарам”
У пятніцу з мінскага ізалятара Акрэсціна выйшла на свабоду намесніца старшыні “Маладога Фронту Наста Палажанка. Дзяўчына прабыла за кратамі 11 сутак па абвінавачванні ва ўдзеле ў масавым мерапрыемстве 19 верасня — у дзень прызнання бел-чырвона-белага сцяга і герба “Пагоня дзяржаўнымі сімваламі Беларусі.
У пятніцу з мінскага ізалятара Акрэсціна выйшла на свабоду намесніца старшыні “Маладога Фронту Наста Палажанка. Дзяўчына прабыла за кратамі 11 сутак па абвінавачванні ва
ўдзеле ў масавым мерапрыемстве 19 верасня — у дзень прызнання бел-чырвона-белага сцяга і герба “Пагоня дзяржаўнымі сімваламі Беларусі.
“Я даказвала суддзі, што толькі фатаграфавала бел-чырвона-белыя сцягі, вывешаныя на дамах уздоўж праспекта Незалежнасці (ля Кастрычніцкай плошчы). Але суддзя прыняла бок міліцыянтаў, якія
сцвярджалі, што я паспела залезці на дахі, вывесіць дзясятак сцягоў, спусціцца і зафатаграваваць іх, — апавядае Наста Палажанка.
Маладафронтаўка распавяла цікавостку са свайго затрымання: у РАУСе Цэнтральнага раёна міліцыянты адабралі ў яе мабільны тэлефон, з якога рассылалі па нумарах з тэлефоннай кнігі смс ад імя
Насты пра тое, што суд адбудзецца ў Доме правасуддзя, у той час, як 10-хвіліннае судовае разбіральніцтва прайшло ў судзе Цэнтральнага раёна. У выніку на судзе ў маладафронтаўкі не было нікога: сваякі
і сябры Насты чакалі пад дзвярыма іншага суда. Больш за тое, калі дзяўчына па вызваленні ўключыла тэлефон, дык высветлілася, што ў ім вынішчаная ўся інфармацыя: тэлефонныя кантакты, праграмы,
фотаздымкі. Зараз дзяўчына будзе звязвацца са спецыялістамі, з дапамогай якіх паспрабуе аднавіць страчаныя нумары і файлы.
Наста Палажанка распавяла, што ў міжсезонныя халады адбываць пакаранне на Акрэсціна цяжка: “Батарэі адключаныя, у камеры тэмпература значна ніжэйшая за вулічную, ні матраца, ні
коўдры — голыя дошкі. Днём, захутаўшыся ў вопратку, спіш, а ўночы танчыш, прысядаеш, робіш зарадку. Калі б не аповеды Мікіты Ліхавіда пра тое, як ён выратоўваўся ад халадоў у ШЫЗА, я
б акалела, відаць.
Усе заявы маладафронтаўкі на дрэнныя ўмовы ўтрымання вярталіся ёй з пагрозамі — маўляў, лепш прытрымай пры сабе, інакш пойдзеш у карцар. Дзяўчына вырашыла спярша адбыць пакаранне, а
па вызваленні разам з адвакатам падаць скаргі. У бліжэйшы тыдзень суд павінен разглядзець яшчэ і касацыйную скаргу на затрыманне і арышт маладафронтаўкі. Адбываючы ўмоўнае пакаранне, Насце Палажанцы
небяспечна мець адміністрацыйную адказнасць — гэта можа выклікаць змену формы пакарання з умоўнага тэрміну на рэальны тэрмін ў калоніі.
На Акрэсціна застаецца былы палітвязень Уладзь Яроменак, якога ў адзін дзень з Палажанкаю пакаралі 12 суткамі арышту за ўзняцце нацыянальных сцягоў.