Настаўніцу і маці дзвюх дачок з Мазыра суд адправіў у калонію на два гады

У судзе Мазырскага раёна 8 лістапада разгледжаная крымінальная справа мясцовай настаўніцы Ірыны Гарашынай. Жанчына была абвінавачаная адразу па двух артыкулах крымінальнага кодэксу: арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і ч.2 арт. 203 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных).

Ірына Гарашына, фота з сацыяльных сетак

Ірына Гарашына, фота з сацыяльных сетак

Справу разглядала суддзя Валянціна Новікава.
Першае судовае паседжанне прайшло яшчэ 26 кастрычніка.
Паводле хадайніцтва пацярпелага супрацоўніка міліцыі Ропата суд па Гарашынай зрабілі закрытым. Затым у судзе быў абвешчаны перапынак.
Пра крымінальны пераслед Гарашынай праваабаронцам пакуль вядома небагата.
Настаўніцу арыштавалі 23 жніўня за тое, што яна пакідала допісы ў тэлеграм-канале «Мозырь 97», які быў прызнаным «экстрэмісцкім». А на першым судовым пасяджэнні абвінавацілі яшчэ ў «арганізацыі масавых беспарадкаў» (артыкул 342).
Прысуд вынесены жорсткі: два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Па другім артыкуле дадалі штраф у памеры 50 базавых велічынь.
У Ірыны Гарашынай засталіся дома дзве дачкі – 7 і 15 гадоў.
spring96.org