«Наша Ніва»: Юрыя Чыжа выпусцілі пад хатні арышт і адправілі на псіхіятрычную экспертызу

Як паведамляе выданне «Наша Ніва», сёння ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска адбываецца разгляд скаргі бізнэсмена Юрыя Чыжа, якога следства вырашыла накіраваць на судова-псіхіятрычную экспертызу. Пасяджэнне закрытае, гэта стандартная практыка.

chyzh_1.png

З апісання скаргі вынікае храналогія пераследу бізнесмена: спачатку яго ўтрымлівалі пад вартай у СІЗА, прычым тэрмін працягваўся, пасля перавялі пад хатні арышт, затым следства вырашыла накіраваць яго на судова-псіхіятрычную экспертызу. Яе праводзяць у РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках.
Цяпер Юрый Чыж не ў следчым ізалятары. Па законе, калі экспертыза выявіць псіхічнае расстройства ці захворванне, па рашэнні псіхіятра чалавека могуць накіраваць у бальніцу на лячэнне, але патрабуецца згода самога пацыента (выключэнне — для недзеяздольных, за іх згоду даюць законныя прадстаўнікі).
Прымусова адправіць на лячэнне могуць толькі па рашэнні суда. Аднак цяпер бізнесоўца накіроўваюць толькі на экспертызу, якая павінна вызначыць ягоны стан. І нават гэта рашэнне ён мае права абскардзіць у судзе, што зараз і робіць абвінавачаны.
Брат Юрыя, Аляксандр, адмовіўся каментаваць «Нашай Ніве» стан здароўя бізнесмена.
Сітуацыя ў Чыжа бязрадасная — працягваецца арышт ягонай маёмасці, судовыя разбіральніцтвы і крымінальны пераслед па справах колішняй паспяховай бізнес-імперыі.