Навукоўцы: Палова акіянаў Зямлі «прыляцела з космасу»
Адкуль на Зямлі ўзялася вада, якая пакрывае амаль тры чвэрці паверхні нашай планеты? Навукоўцы да гэтага часу дакладна не ведаюць адказу на гэта пытанне.
Паводле адной з версій, калі Зямля толькі фармавалася і была яшчэ вельмі маладой планетай, ваду паступова вылучалі насычаныя вадой мінералы. Паводле іншай — нейкую частку яе маглі занесці на нашу планету каметы і астэроіды.
Здаецца, хімікі з Універсітэта Арызоны толькі што знайшлі пацвярджэнне другой тэорыі. Яны выявілі ваду — шмат вады — ва ўзорах пароды з каменнага астэроіда Ітакава, які да апошняга часу лічыўся абсалютна "сухім".
Згодна з іх падлікамі, за мільярды гадоў існавання нашай планеты астэроіды, падобныя Ітакаве, маглі занесці на Зямлю прыкладна палову ўсёй вады, якая складае Сусветны акіян. Ці, калі быць дакладным, каля 700 мільярдаў мегатон — агульная колькасць вады на планеце ацэньваецца ў 1,4 сексцільёна літраў.
"Мы з вамі жывем у "блакітнай кропцы космасу", — на планеце, багатай вадой і арганічнымі злучэннямі, якія робяць магчымым існаванне жыцця, — тлумачыць прафесар Універсітэта Арызоны і адзін з аўтараў даследавання Мэтрае Боз. — Мы не ведаем аніводнай іншай падобнай планеты. І мая галоўная мэта — адказаць на пытанне, як так атрымалася".
Ітакава — першы і пакуль адзіны астэроід, склад якога ўдалося падрабязна вывучыць. Аднак гэтага дастаткова, каб не без падставы меркаваць: астэроіды, каметы і іншыя нябесныя прыхадні з космасу ўнеслі істотны ўклад у фарміраванне зямных акіянаў.
"Мы выявілі, што ў даследаваных узорах куды больш вады, чым у сярэднім ўтрымліваюць нябесныя целы ў межах нашай Сонечнай сістэмы", — заявіў другі суаўтар працы Цзінь Цзілян.
У 2005 годзе японскі зонд "Хаябуса" правёў тры тыдні на арбіце Ітакавы — які, як прынята лічыць, узнік у ходзе зараджэння Сонечнай сістэмы. Затым апарат прызямліўся на паверхню астэроіда, узяў там узоры грунту, а ў 2010 годзе даставіў іх назад на Зямлю.
Ітакава складаецца пераважна з мінералаў, багатых крэмніем, і належыць да аднаго з самых распаўсюджаных тыпаў астэроідаў у Сонечнай сістэме. Навукоўцы мяркуюць, што ён адкалоўся ад больш буйнога аб'екта ў выніку сутыкнення з іншым нябесным целам.
Зараз у космасе працуе іншы японскі касмічны зонд, "Хаябуса-2". У верасні мінулага года, праз тры з паловай гады пасля запуску, ён дасягнуў сваёй мэты, даляцеўшы да астэроіда Ругу, які па форме нагадвае юлу.
Вывучыўшы астэроід, зонд стрэліў у яго медным стрыжнем, абсталяваным зарадам выбухоўкі, адышоў на бяспечную адлегласць і падарваў зарад. Сабраныя ўзоры грунту яшчэ трэба будзе даставіць на Зямлю для вывучэння.
Паводле zviazda.by