Называйце рэчы сваімі імёнамі!

Сваякі палітзняволеных настойваюць на санкцыях супраць рэжыму Лукашэнкі. Таксама яны заклікаюць міжнародную супольнасць адмяніць правядзенне Чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі.



9d4c03631b8b0c85ae08bf05eda37d0f.jpg

Сваякі палітзняволеных настойваюць на санкцыях супраць рэжыму Лукашэнкі. Таксама яны заклікаюць міжнародную супольнасць адмяніць правядзенне Чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі.

У Мінску адбыўся круглы стол з удзелам сваякоў палітвязняў, праваабаронцаў, палітыкаў, дзе спрабавалі дамовіцца аб далейшых захадах, скіраваных на вызваленне людзей, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах з-за сваіх палітычных перакананняў. Бакі сышліся ў тым, што ў грамадстве замала ведаў па гэтай праблеме, і нават “таксісты не ведаюць, хто такі Бяляцкі, таму трэба ладзіць шырокія інфармацыйныя кампаніі. Апроч таго родныя палітзняволеных настойліва звяртаюцца да палітыкаў,  каб падчас сваіх міжнародных сустрэч тыя заклікалі да жорсткіх санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі.

Наста Палажанка — нявеста лідара "Маладога Фронту" Дзмітрыя Дашкевіча (цяпер знаходзіцца ў Глыбокскай калоніі) і Ірына Халіп — жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава (цяпер знаходзіцца ў калоніі "Віцьба-3")

Палітык Віктар Івашкевіч з гэтым згодны і прапануе зладзіць “татальны байкот беларускай уладзе да таго часу, пакуль з турмаў не будуць выпушчаныя ўсе палітвязні. Па словах Івашкевіча, “добрай волі ад тых, хто пасадзіў палітвязняў у турму, чакаць немагчыма, вызваліць палітычных зняволеных атрымаецца толькі пад ціскам.  Івашкевіч зазначыў, што падчас замежных сустрэч усім прадстаўнікам дэмакратычных сілаў трэба ўзяць за правіла заклікаць Захад да “татальнага байкоту беларускай улады. “А наколькі яны могуць уводзіць санкцыі, наколькі дазваляе ім рэальная палітыка — гэта іх справа. Наша справа — тыкаць і тыкаць ім у нос, калі яны рэальна зацікаўленыя ў дэмакратыі ў Беларусі, што іх намаганні і паўмеры ні да чаго не прыводзяць. І наколькі ім дазваляюць сілы, ажыццяўляць байкот улады да таго часу, пакуль не будуць вызваленыя палітвязні. Эканамічны, палітычны ціск — да таго часу, пакуль палітвязні не будуць вызваленыя ", — заявіў аксакал апазіцыйнага руху Беларусі.

Былы палітвязень Аляксандр Атрошчанкаў заклікаў і палітыкаў, і грамадскіх дзеячаў “называць рэчы сваімі імёнамі і не ісці на повадзе за Лукашэнкам у яго намеры ствараць добрае ўражанне аб сваіх метадах кіравання.

Аляксандр Атрошчанкаў

У Беларусі паўсюдна выкарыстоўваюцца катаванні. Бываюць сітуацыі, калі парушаецца права на свабоду, права на жыццё, напрыклад, калі  ідуць войны. Але няма ўмоў, якія вымушаюць катаваць чалавека! Таму Інтэрпол мусіць разумець, што калі ён выдае некага беларускім уладам, то яго могуць катаваць, не важна што ён зрабіў. І калі гавораць, што паездка Куляшова ў Францыю  — гэта ў інтарэсах Беларусі, давайце скажам, што гэта хлусня. Калі нехта едзе ў Еўропу і кажа, што нельга ціснуць на рэжым, бо гэта супраць беларускага народа, то давайце таксама шчыра скажам, што гэты чалавек як мінімум не самастойны ў сваіх ацэнках. Давайце і пра парламенцкія выбары гаварыць сумленна — шмат да каго ў ізалятары КДБ звярталіся з размовамі на гэтую тэму, ішлі размовы аб стварэнні “фракцыі КДБ. Лукашэнка ўжо кітайцам распавёў, што парламенцкія выбары — гэта яго праект, ён будзе прадаваць гэта як “мадэрнізацыю палітычнай сістэмы. Давайце называць рэчы сваімі імёнамі!" — падкрэсліў  былы палітвязень Аляксандр Атрошчанкаў.

Круглы стол стаў фактычна пляцоўкаю для выказвання сваіх  думак, але яго ўдзельнікі сышліся ў тым, што трэба шырыць салідарнасць, падтрымку сем’яў рэпрэсаваных, пазіцыя палітыкаў мусіць быць цвёрдай і паслядоўнай у акрэсленых вышэй пытаннях.

Не абышлося і без эмоцый. Маці палітыка Паўла Севярынца, які цяпер адбывае “хімію ў Пружанскім раёне, прасіла “вялікіх дзядзяў патрабаваць дыктатару суда ў Гаазе. “Для Вас не сакрэт, што мая сям’я пакутуе ад рэжыму не першы год, не другі і нават не дзясяты, а ўсе сямнаццаць! Толькі Паша з'явіўся ў Менску, пачалося Адраджэнне, потым БНФ, Малады Фронт і г. д. Увесь час ён у палітыцы. І ў 1998 годзе 21-гадовым юнаком ён патрапіў у турму на Валадарку. Час ідзе, мы побач з ім. Я не ўпершыню тут сярод тых, хто пацярпеў, я ў гэтым ужо жыву. Мы такія мужныя, смелыя, нашы родныя галадаюць, ахвяруюць сабой, мы ахвяруем сабой, але гэты рэжым на нас пляваць хацеў! І таму я хачу звярнуцца да “вялікіх дзядзяў, якія маюць выхад на замежнікаў: гэтага дыктатара трэба судзіць у Гаазе! Патрабаваць, каб прызначылі міжнароднае расследаванне ўчынкаў гэтага ганебнага чалавека, забойцы, самазванца, які краіну ператварыў у гета!" — заявіла ў сваім выступе Таццяна Севярынец.

 

Сваякі палітзняволеных прасілі апазіцыйных палітыкаў не ўдзельнічаць у выбарах у парламент, што мусяць адбыцца сёлета, і тым самым не падтрымліваць легітымізацыю рэжыму.

 

“Мы звяртаемся з заклікам не стаць саўдзельнікамі чарговага злачынства правячай эліты, не здраджваць паплечнікам, якіх заключылі ў турмы, не легітымізаваць сваім бессэнсоўным удзелам дэкаратыўны апендыкс рэжыму — “палатку. Нам цяжка сабе ўявіць, як вы, навучаныя палітычным досведам, выйдзеце на манеж цыркавой дзеі пад кіраўніцтвам Ярмошынай і Лазавіка ў клоўнскіх строях. У той час, як вашых калег і нашых родных будуць прыніжаць, катаваць, прэсаваць у лукашэнкаўскіх засценках. Сёння вы здадзіце іх, а заўтра апалагеты рэжыму, якія прыйдуць на змену, здадуць вас, — гаворыцца ў адпаведнай заяве сваякоў палітзняволеных. 


Быў агучаны і зварот да кіраўніка Міжнароднай федэрацыі хакея з заклікам адмяніць правядзенне Чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі ў 2014 годзе:


“Мы ведаем, што перад правядзеннем Чэмпіянату свету па хакею дыктатарскі рэжым зробіць зачыстку апазіцыйных актывістаў. Гэта ўжо стала нормаю перад вялікімі падзеямі, святамі. Масавыя рэпрэсіі, запалохванне грамадзян, незалежных журналістаў, каб схаваць сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Падумайце, на што вы асуджаеце палітычных апанентаў дыктатара перад Чэмпіянатам свету! Падтрымка дыктатара праз спартыўныя мерапрыемствы, лозунгам якіх ёсць выраз “О, спорт, ты — мір! — амаральная. Так ужо было ў гісторыі, калі дазволілі правесці Алімпіяду ў гітлераўскай Германіі, а потым усе саромеліся свайго ўдзелу ў ёй, — пішуць аўтары ліста прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі хакея Рэне Фазелю.