Не толькі прафсаюз, але і прадпрыемства: на «Нафтане» не абвяргаюць ператрусы
На «Нафтане» не абвяргаюць інфармацыю пра тое, што ў аддзеле маркетынгу прадпрыемства праводзіцца ператрус і затрыманы як мінімум адзін супрацоўнік.
— Я вам не пацверджу і не абвергну. Усяму свой час, — сказаў намеснік генеральнага дырэктара па бяспецы, рэжыме і кадрах Ігар Нікіцін, паведамляе «Еўрарадыё».
У тэлеграм-каналах, звязаных з незалежным рухам беларускіх рабочых, з’явілася паведамленне ўжо пра трэці за дзень ператрус, звязаны з «Нафтанам».
Акрамя аддзела маркетынгу «Нафтана», гаворыцца пра ператрусы ў офісе першаснай арганізацыі «Беларускага Незалежнага прафсаюза работнікаў ААТ "Нафтан"». Раніцай з'явілася навіна пра ператрус у кватэры і машыне ў старшыні прафсаюза «Нафтана» Вольгі Брыцікавай.
Раней у гутарцы з «Еўрарадыё» яна паведамляла, што больш не звязаная з «Нафтанам» і не ў курсе становішча спраў на прадпрыемстве.
Вольга Брыцікава раней працавала на «Нафтане» начальнікам аддзела рэалізацыі нафтапрадуктаў. Менавіта яна ў жніўні 2020 года агучыла патрабаванні завадчан уладам на сустрэчы з тагачасным кіраўніком КДК Іванам Церцелем.
Брыцікаву звольнілі ў снежні 2020 года ў сувязі з пазбаўленнем доступу да дзяржаўнай таямніцы. У студзені яна ўзначаліла незалежны прафсаюз на «Нафтане».