Глыбокае. Незалежных журналістаў выклікалі ў РАУС па Viber

У журналісцкіх матэрыялах распавядалася пра інцыдэнт з удзелам мясцовых супрацоўнікаў міліцыі, якія збілі васьмідзесяцігадовага пенсіянера і зламалі яму нагу.

870f0d1d_5ed6_4d3b_bfd0_d0f1eb7a47d5_w1023_r1_s_1.jpg

Увечары 24 траўня, каля 20.00, капітан міліцыі Сяргей Цырбан па тэлефоне запрашаў іх явіцца ў міліцыю як асобаў, у дачыненні якіх вядуцца адміністрацыйныя справы. Калі Таццяна Смоткіна сказала, што пойдзе толькі па позве, міліцыянт адказаў, што згодна з іх дакументамі, зараз у міліцыю могуць выклікаць па позве або іншым шляхам, як праз тэлефон, так і праз інтэрнэт. І дадаў, што дашле позву па Viber, бо ведае, што ён у Таццяны ёсць. Такім жа чынам атрымаў позву і Зміцер Лупач.

Журналісты павінны з'явіцца ў Глыбоцкі РАУС у панядзелак, 28 траўня. На гэты раз іх збіраюцца прыцягваць да адказнасці за матэрыялы, апублікаваныя на сайце “Радыё Рацыя" і спадарожнікавага тэлеканала "Белсат".

У журналісцкіх матэрыялах распавядалася пра інцыдэнт з удзелам мясцовых супрацоўнікаў міліцыі, якія збілі васьмідзесяцігадовага пенсіянера і зламалі яму нагу. Усе героі гэтых публікацый нядаўна былі апытаныя праваахоўнікамі. Па словах герояў, міліцыянты прымянялі псіхалагічны ціск і запалохвалі іх. Цяпер выклікалі і саміх журналістаў.

Незалежныя журналісты Зміцер Лупач і Таццяна Смоткіна цяпер чакаюць суда ў Докшыцах за матэрыялы пра вываз смецця. А ўжо на чарзе новая справа ў Глыбокім за матэрыялы пра бязмежжа міліцыянтаў.

Дарэчы, днямі ў YouTube з'явіўся ролік, які кампраметуе Змітра Лупача і ўсіх карэспандэнтаў "Белсата" па Віцебскай вобласці.

baj.by