Незалежных журналістаў з Глыбокага аштрафавалі агулам на 55 базавых велічыняў
Глыбоцкіх журналістаў Тацяну Смоткіну і Змітра Лупача суд прызнаў вінаватымі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ (арт. 22.9 КоАП).
![Зміцер Лупач і Таццяна Смоткіна Зміцер Лупач і Таццяна Смоткіна](/img/v1/images/619bcad7_4ae5_42c1_8a29_68a0c571bb6f_w1023_r1_s_660x440.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Зміцер Лупач і Таццяна Смоткіна
Суддзя Людміла Вашчанка пастанавіла пакараць Лупача штрафам у 30 базавых велічыняў (690 рублёў), а Смоткіну — у 25 базавых (575 рублёў)
Яны разам зрабілі відэасюжэт для “Белсату” пра дом №142 па вуліцы Леніна ў Глыбокім, які патрабуе капітальнага рамонту. Пяціпавярховік не рамантавалі ўжо 40 гадоў. Сюжэт выклікаў рэзананс.
Справу ініцыяваў мясцовы аддзел КДБ. Менавіта там загадалі разабрацца, якім чынам інфармацыя пра дом трапіла ў СМІ. На журналіста Змітра Лупача міліцыя склала два пратаколы , бо жыхары дому засведчылі, што бачылі Змітра там двойчы. Другі раз ён прыходзіў з Тацянай Смоткінай.
Тацяна жыве ў тым самым доме №142 і неаднаразова абуралася станам свайго жылля, аднак у ЖКГ казалі, што грошай на рамонт у бюджэце няма. Хаця самі жыхары дому рэгулярна збіралі грошы і пералічвалі камунальнікам.
У судзе Смоткіна заявіла, што не мае працоўных адносінаў з “Белсатам”, а Лупач адмовіўся даваць паказанні.
Раней журналістаў-фрылансераў ужо прыцягвалі адміністратыўнай адказнасці. Гэтак, у 2015 годзе Тацяну Смоткіну пакаралі штрафам памерам 25 базавых велічыняў за матэрыял для Беларускага Радыё Рацыя. На такую ж суму быў аштрафаны Зміцер Лупач за матэрыял для “Еўрарадыё”.
Паводле Белсат