Ніна Багінская: Мне ўжо налічылі больш за 9 тысяч рублёў штрафаў
Трэці аукцыён па продажы лецішча актывісткі Ніны Багінскай адбудзецца 18 лістапада.
Нагадаем, што пасля таго, як за ўдзел у вулічных акцыях 70-гадовай пенсіянерцы налічылі штрафы агульным памерам 75 мільёнаў недэмінаваных рублёў, каб спагнаць іх, судовыя выканаўцы абвясцілі аўкцыён па продажы лецішча грамадскай актывісткі. На продаж выставілі зямельны ўчастак памерам 0,07 га з садам і гародам, а таксама садовы дамок плошчай 27 квадратных метраў. Першапачатковы кошт маёмасці — 10 тысяч рублёў (каля 5 тысяч долараў).
Першы аукцыён, які мусіў прайсці 17 жніўня, не адбыўся. Не знайшлося ніводнага пакупніка. Такая ж самая гісторыя напаткала і аукцыён 26 жніўня. “Зараз прыйшла чарговая папера з аддзела прымусовага выканання Смалявіцкага раёна, з якой вынікае, што трэці аукцыён па продажы майго лецішча пройдзе 18 лістапада, — распавяла Ніна Багінская. — Дзіўна толькі, што два папярэднія адбываліся ў Смалявічах, а зараз вырашылі правесці ў нейкім аграгарадку Слабада Смалявіцкага раёна. Можа так вырашылі таму, што мы пастаянна пікетавалі мясцовы райвыканкам?”
Тым часам, пенсіянерцы працягваюць выпісваць штрафы за “несанкцыянаванае пікетаванне”. На гэты раз далі 840 рублёў штрафу за ўдзел у акцыі 1 кастрычніка. Такім чынам, яна павінна ўжо агулам за ўдзел у акцыях каля 9400 рублёў штрафаў. “Але не плаціла і плаціць не збіраюся”, — прынцыпова заяўляе Ніна Багінская.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя