НІСЭПД: 72 % беларусаў лічаць пагрозу дэвальвацыі рэальнай
Вынікі апытання Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў паказваюць, што беларусаў не пераконваюць запэўніванні ўладаў і прэзідэнта ў тым, што дэвальвацыі рубля больш не будзе.
Так, 72% рэспандэнтаў лічаць пагрозу дэвальвацыі беларускага рубля рэальнай ці магчымай.
Пры гэтым амаль палова па-ранейшаму больш давяраюць даляру, чым беларускаму рублю (26,9%), таму больш за 62% сочаць за абменным курсам рубля да долара.
НІСЭПД: рэсурс даверу Лукашэнкі ў беларусаў не вычарпаны
У той жа час, па дадзеных НІСЭПД, амаль палова беларусаў (46,7%) па-ранейшаму давяраюць прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку, а не давяраюць яму 36,6% апытаных. Электаральны рэйтынг цяперашняга кіраўніка дзяржавы на працягу 2013 года пакрысе расце, і цяпер за яго гатовыя прагаласаваць 42,6 % беларусаў.
Эксперты інстытута адзначаюць, што прычыны гэтага крыюцца як ва ўменні Аляксандра Лукашэнкі перакладаць адказнасць за правалы ў эканоміцы на іншых (напрыклад, урад, якому давяраюць 38,3%, а не давяраюць 45,9%), так і ў адсутнасці пераканаўчай альтэрнатывы для большасці выбарцаў (81,5% рэспандэнтаў не ведаюць кандыдата, які мог бы паспяхова канкурыраваць з дзеючым прэзідэнтам на выбарах).
Акрамя таго, на думку 28,3% рэспандэнтаў, "бываюць такія сітуацыі (напрыклад, цяпер), калі трэба засяродзіць усю паўнату ўлады ў адных руках", яшчэ 26,1% лічаць, што "нашаму народу пастаянна патрэбна "моцная рука". Супрацьлеглага меркавання прытрымліваецца значна меншая колькасць беларусаў.