Незалежнаму журналісту прапанавалі стаць «стукачом»
Журналіст Зміцер Лупач з Глыбокага меў некалькі сустрэч са службоўцамі КДБ і адмовіўся ад іх прапановы «час ад часу сустракацца і сёе-тое распавядаць».
«Усё пачалося напрыканцы чэрвеня, калі мяне раптам выклікалі ў фінансавую міліцыю. Незадоўга да таго я меў праблемы з падатковай інспекцыяй, на мяне нават наклалі штраф. Таму выклік менавіта ў гэтую структуру мяне надта не здзівіў. Дзівіцца давялося пазней: там мяне сустрэлі двое невядомых людзей, сказалі, што яны з Мінску. Наколькі я зразумеў, з нейкай службы контравыведкі. Магу памыляцца, бо дужа ўжо нечаканая атрымалася гутарка. Адзін са спадароў, паказаўшы „чырвоную кніжачку“, пачаў распытваць мяне пра паездкі ва Ўкраіну, а таксама пра мае кантакты з замежнікамі», — апавёў З міцер Лупач Радыё "Свабода".
Адзін з «кантактаў з замежнікамі» якраз адбыўся ў чэрвені. Зміцер сустракаўся з палякамі, якія прыяжджалі на Глыбоччыну. Пазней на сайце Еўрарадыё і ў газеце «Вольнае Глыбокае» выйшаў артыкул «Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасня 1939 году». Ён стаў падставай для адміністрацыйнай справы супраць Змітра Лупача: яго абвінавацілі ў супрацоўніцтве з замежнымі СМІ без акрэдытацыі — у парушэнні артыкула 22.9 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Суд над незалежным журналістам быў прызначаны на 10 ліпеня, але не адбыўся — дакументы адправілі на дапрацоўку ў міліцыю.
Ці будзе працэс над незалежным журналістам і калі — пакуль невядома.
Але ж мясцовае прадстаўніцтва КДБ дужа цікавіцца ягоным сяброўствам у ГА «БАЖ» і дзейнасцю арганізацыі, працягвае Зміцер Лупач:
«30 чэрвеня мне патэлефанаваў мясцовы супрацоўнік КДБ. Нагадаў, што мы з ім сустракаліся ў фінансавай міліцыі. Сапраўды, пасля гутаркі з мінскімі прадстаўнікамі з'явіліся мясцовыя. Распытвалі мяне пра супрацоўніцтва з замежнымі СМІ і папярэдзілі пра недапушчальнасць парушэння крымінальнага артыкула 369 (прым 1) — даваць замежнай дзяржаве непраўдзівыя звесткі пра палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае становішча грамадзян і гэтак далей. Адным словам, пра недапушчальнасць дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь. Аднак цяпер супрацоўніка КДБ цікавіла іншае: ён прапанаваў мне інфармаваць „органы“ пра палітычнае жыцьцё рэгіёна, расказваць нейкія падрабязнасці пра актывістаў. Асабліва прасіў паведамляць пра сустрэчы з сябрамі ГА „БАЖ“, калі хто прыяжджае ў Глыбокае з іншых гарадоў».
Паводле Зьмітра Лупача, не абышлося і без пагрозаў: супрацоўнік КДБ сказаў, што ведае пра штраф ад падатковай і нават пра тое, што ён ужо сплочаны. А таксама абяцаў стварыць «праблемы» для жонкі і дзяцей Змітра, калі той не пагодзіцца супрацоўнічаць.
Даў некалькі дзён на роздумы, а потым патэлефанаваў, кажа Зміцер Лупач:
«Чарговы раз прапанаваў сустрэцца, і падчас гэтай сустрэчы я сказаў „не“. Што не буду „стукачом“, нават калі мяне шантажуюць. Напачатку я думаў, што КДБ ад мяне адчэпіцца, калі я не буду сам праяўляць ахвоты да супрацоўніцтва. Аднак цяпер бачу, што мяне схіляюць зноў і зноў. Таму я вырашыў звярнуцца да журналістаў, каб расказаць ім пра захады КДБ. А таксама папярэдзіць сяброў і калегаў, што ў такіх выпадках не трэба маўчаць і баяцца».