Ноччу Сіўчыка распранулі, збілі і затрымалі супрацоўнікі міліцыі

Суд над збітым уначы Вячаславам Сіўчыкам пачнецца аб 11-й гадзіне ў судзе Цэнтральнага раёна. На яго складзеныя два пратаколы — за хуліганства і непадпарадкаванне міліцыі

7c5842ca_8984_4bce_82ae_e510d91e6d17_w640_r1_s.jpg

Лідара руху салідарнасці «Разам» Вячаслава Сіўчыка сярод ночы затрымалі ў пад’ездзе ўласнага дому супрацоўнікі міліцыі, сарваўшы верхняе адзенне, збіўшы і закаваўшы ў кайданкі.

Пра гэта "Радыё Свабода" паведаміла сведка затрымання, жонка Вячаслава Ганна Сіўчык:

«Слава патэлефанаваў каля трох гадзінаў ночы і паведаміў, што не можа зайсці ў пад’езд, бо пры ўваходзе стаяць міліцыянты. Я спусцілася і паспрабавала адчыніць дзверы, каб дапамагчы яму зайсці. Гэта атрымалася з цяжкасцю, але ў пад’езд мы ўсё ж патрапілі. Міліцыянты казалі, што, маўляў, затрымалі Вячаслава яшчэ на выхадзе з метро, бо ён быў у стане алкагольнага ап’янення і нецэнзурна лаяўся. Як ён пры гэтым здолеў дабрацца дадому — незразумела.

Яны не давалі нам магчымасці падняцца ў кватэру, якая на чацвёртым паверсе. Мяне трымалі, каб я Славу не дапамагала, а яму заломвалі рукі, білі ў валтузні і нават сарвалі куртку і швэдар, бо Слава, натуральна, вырываўся. У выніку ўсё ж на яго надзелі кайданкі і звезлі ў Цэнтральны РУУС Мінска. Мы з маці Вячаслава даехалі туды, каб перадаць хоць верхняе адзенне, але ў нас узялі не ўсё. Каля 6 раніцы мы пакінулі Цэнтральны РУУС, дзе ён быў ад пачатку, але дзе зараз Слава мы не ведаем — на нашыя тэлефанаванні нам не адказваюць».

Як паведаміла Ганна Сіўчык, як адзіны сведка затрымання, яна хацела б выступіць у судзе. Ганна мяркуе, што Вячаслава Сіўчыка затрымалі за ягоную актыўную грамадска-палітычную дзейнасць.

www.svaboda.org