Новае сведчанне пра прымусовую падпіску: Бабруйск (+дакумент)
Упраўленне гандлю і паслуг Бабруйскага гарвыканкама разаслала кіраўнікам прыватных прадпрыемстваў горада “план-заданне” — аформіць падпіску на часопіс Міністэрства гандлю “Гермес”.
Копію гэтага дакумента размясцілі на праваабарончым сайце spring96.org 19 чэрвеня. (Там жа змешчаны і каментар аднаго з адрасатаў гэтага паслання, абуранага сітуацыяй.)
Акрамя падпіскі, начальнік упраўлення Аляксандр Кісялёў прадпісвае прыватнікам таксама набыць пэўную колькасць квіткоў на канцэрты штогадовага фестывалю “Вянок дружбы”.
І па квітках, і па падпісцы трэба адсправаздачыцца да 20 чэрвеня перад тым жа ўпраўленнем гандлю і паслуг па факсе.
Нагадаем, што днямі ў сеціве з'явілася копія дакумента, які пацвярджае існаванне прымусовай падпіскі ў Мінску: ЖРЭА Савецкага раёна прадпісвае прыватным арандатарам абавязкова да 20-га чэрвеня аформіць падпіску на дзяржаўныя газеты «Советская Белоруссия», «Рэспубліка», «Минский курьер» і пажадана — на часопіс «Планета», газеты «Знамя юности», «Звязда», «Народная газета» і «Вечерний Минск».