Новы антырэкорд: Мінздароўя паведаміла пра 8231 выпадак COVID-19 за дзень. І зноў дзіўныя лічбы выпісаных
За апошні дзень у Беларусі зарэгістравалі 8231 пацыент з COVID-19, паведаміла Міністэрства аховы здароўя. Гэта новы рэкорд з пачатку пандэміі.
Як паведаміла Міністэрства аховы здароўя 5 лютага, за мінулыя суткі ў Беларусі:
- зафіксавалі 8231 новы выпадак COVID-19,- памерлі 16 чалавек,- 1248 пацыентаў выпісалі з медыцынскіх устаноў.
Усяго з пачатку пандэміі ў Беларусі, паводле Мінздароўя, зарэгістравалі 769 076 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19, акрыялі 757 436 пацыентаў, у якіх раней быў пацверджаны гэты дыягназ.
Праўда, ведамства ўжо другі раз дае незразумелую статыстыку па выпісаных за дзень пацыентах. Калі параўнаць агульную колькасць выпісаных пацыентаў з пачатку пандэміі за 5 лютага (757 436 чалавек) з лічбамі за 4 лютага (749 595 чалавек) — атрымліваецца, за апошні дзень павінны былі выпісаць 7841 пацыента, у той час як Мінздароўя паведамляе пра 1248 выпісаных.
Тая ж сітуацыя была ўчора: паводле лічбаў Мінздароўя на 4 лютага, з пачатку пандэміі акрыялі 749 595 пацыентаў, на 3 лютага — 742 762 пацыенты, то-бок за дзень павінны былі выпісацца 6833 чалавекі (749 595 — 742 762 = 6833), але Мінздароўя 4 лютага паведаміла, што за дзень выпісаныя 1114 пацыентаў.
За ўвесь час Міністэрства аховы здароўя прызнала, што каронавірус стаў прычынай смерці для 6132 чалавек. Паводле незалежных журналісцкіх расследаванняў, сапраўдную колькасць ахвяр COVID-19 улады Беларусі шматкроць занізілі.
Апошнімі днямі афіцыйная статыстыка па каронавірусе штодня б’е рэкорды. Яшчэ 1 лютага паведамлялася пра 1918 новых выпадкаў COVID-19 у Беларусі за дзень. 2 лютага Мінздароўя паведаміла ўжо пра 3634 новыя выпадкі за дзень, 3 лютага — пра 4990 новых выпадкаў, 4 лютага — пра 7350 выпадкаў.
У Мінску і ў рэгіёнах у апошнія дні ў паліклінікі выстраіліся вялізныя чэргі. Пачынаючы з 5 і 6 лютага, прыём пацыентаў у паліклініках Беларусі (уключаючы і агляд дома) будзе весціся па суботах і нядзелях.